Мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі будзе ў Беларусі захавана - С.Сідорскі
24.11.20100 праглядаў
24 лістапада, Гомель /Валерый Сідорскі - БЕЛТА/. У Беларусі нацыянальная мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі ў 2011-2015 гадах будзе захавана. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 23 лістапада ў Гомелі на абласным сходзе дэлегатаў IV Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, гэта рашэнне кіраўніцтва краіны грунтуецца на пераемнасці мэт і прыярытэтаў, якія былі сфармуляваны і рэалізоўваліся ў папярэднія гады. "Нацыянальная мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі, якую ў свой час сфармуляваў кіраўнік дзяржавы, добра зарэкамендавала сябе на працягу апошніх 15 гадоў, і мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб у будучыні яна стала ўзорам і для іншых дзяржаў", - адзначыў Сяргей Сідорскі.
Асаблівасцю развіцця эканомікі Беларусі ў 2006-2010 гадах стала яе праграмнае абнаўленне, калі мадэрнізаваліся не асобныя прадпрыемствы, а цэлыя галіны, падкрэсліў ён. У прыватнасці, было праведзена карэннае тэхпераўзбраенне машынабудавання, малоеперапрацоўчай, кансервавай галін і іншых.
Маштабнай стала дзяржпраграма адраджэння і развіцця вёскі. За апошнія пяць гадоў айчыннымі вытворцамі было пастаўлена ў АПК больш за 9 тыс. новых збожжаўборачных і 3 тыс. кармаўборачных камбайнаў, 15 тыс. трактароў і іншых відаў тэхнікі. За гэты час рэканструявана 1,2 тыс. малочна-таварных ферм, 211 жывёлагадоўчых комплексаў і 60 птушкафабрык, узведзены новыя аб'екты. Гэта дазволіла забяспечыць у поўным аб'ёме харчовую бяспеку краіны, а таксама нарошчваць экспарт. "У 2010 годзе аб'ём экспарту харчавання Беларусі павінен скласці каля Br3 млрд., што ў 6 разоў перавышае паказчык 2000 года", - дадаў Сяргей Сідорскі.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, за гэты перыяд створана 187 прамысловых прадпрыемстваў, мадэрнізавана больш за 320, укаранёна звыш 500 новых тэхналогій.
Аналізуючы развіццё эканомікі Гомельскай вобласці, кіраўнік урада адзначыў рэалізацыю такіх маштабных праектаў, як увод у эксплуатацыю трубаправодных вытворчасцей на Беларускім металургічным заводзе, асваенне выпуску бензіну па стандарце Еўра-5 на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, рэканструкцыя Добрушскага фарфоравага завода.
Сергей Сідорскі таксама адзначыў, што Беларусь выйшла на першае месца па будаўніцтве жылля на аднаго жыхара сярод краін СНД, здолеўшы апярэдзіць і шэраг іншых краін свету. Сёлета ў рэспубліцы будзе пабудавана амаль 7 млн. кв. м жылля, у той час як у 1991 годзе гэтая лічба складала ўсяго 1,9 млн. кв. м.
У наступнае пяцігоддзе галоўнай задачай, над якой будзе працаваць урад, будзе забеспячэнне росту дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Магістральным шляхам для развіцця эканомікі стане стварэнне ў Беларусі прынцыпова новых вытворчасцей, прадпрыемстваў і галін, якія вырабляюць экспартаарыентаваную высокатэхналагічную прадукцыю.
Рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады дазволіць павялічыць рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2015 годзе да ўзроўню 2010-га ў 1,7-1,76 раза на аснове забеспячэння росту ВУП у 1,62-1,68 раза. Аб'ём прамысловай вытворчасці павінен вырасці ў паўтара раза, сельскай гаспадаркі – у 1,45 раза.-0-
БЕЛТА