Для краіны важна ўвесці ў эксплуатацыю комплекс маруднага каксавання (КМК) на "Нафтане", таму што праз павелічэнне глыбіні перапрацоўкі і выпуску нафтапрадуктаў мы кампенсуем страты ад расійскага падатковага манеўру.

Для краіны важна ўвесці ў эксплуатацыю комплекс маруднага каксавання (КМК) на "Нафтане", таму што праз павелічэнне глыбіні перапрацоўкі і выпуску нафтапрадуктаў мы кампенсуем страты ад расійскага падатковага манеўру.

Пра гэта заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пасля наведвання нафтапрамысловага прадпрыемства.

Кіраўнік урада адзначыў, што КМК - аб'ект вельмі складаны і яго будаўніцтва зацягнулася на некалькі гадоў. Тым не менш ёсць падставы меркаваць, што комплекс пачне працаваць сёлета. "Плануем у маі скончыць будаўніча-мантажную частку і неадкладна прыступіць да пуска-наладкі. У найлепшым выпадку да пачатку чацвёртага квартала гэтага года, а калі складанасці ўзнікнуць, то да канца года, маем намер выйсці на атрыманне першага прадукту ад гэтай устаноўкі. Для нас гэта важна, таму што праз павелічэнне глыбіні перапрацоўкі і выпуску нафтапрадуктаў мы кампенсуем страты ад падатковага манеўру", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, каб пастаянна кантраляваць ход рэалізацыі інвестпраекта і пазбягаць адставанняў, кожныя два тыдні на "Нафтане" працуе штаб пад кіраўніцтвам міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча і старшыні канцэрна "Белнафтахім" Андрэя Рыбакова.

Журналісты таксама пацікавіліся меркаваннем прэм'ер-міністра аб праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады. У прыватнасці, аб ідэі стварэння дзяржкарпарацыі ў сельгасмашынабудаванні. Раман Галоўчанка падкрэсліў, што гэтая прапанова знаходзіцца ў прапрацоўцы. "Стварэнне дзяржкарпарацый - рух у правільным кірунку. Гэта аб'яднанне тэхналагічных, інжынерных і маркетынгавых патэнцыялаў прадпрыемстваў. Зараз важна мець магутныя структуры, якія здольныя прыцягваць сур'ёзныя фінансавыя патокі і крэдытныя рэсурсы. Па сутнасці, гэта больш глыбокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з існуючымі холдынгамі. Але патрэбен час, каб цалкам ацаніць увесь маштаб і прыняць правільныя кіраўніцкія рашэнні", - дадаў кіраўнік урада.

У сацыяльна-эканамічным развіцці краіны на пяцігодку ёсць некалькі галоўных вектараў. Першае - гэта стаўка на традыцыйную галіну прамысловасці - нафтахімічную. Дзяржава будзе ў яе далей інвеставаць. "Але ў той жа час у прыярытэце развіццё рэгіёнаў. Канцэнтуючы працоўныя рэсурсы і прадукцыйныя сілы вакол буйных гарадоў, мы не павінны забываць пра раёны. Вось у адным з іх - Верхнядзвінскім - сёння пабывалі. Сельскагаспадарчы рэгіён з невялікай прамысловасцю. З улікам льгот, якія ўжо маюцца, трэба ў кожным населеным пункце развіваць вытворчасць", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

Крыніца