Мадэрнізацыю Аршанскага льнакамбіната неабходна паскорыць - А.Косінец
17.1.20120 праглядаў
17 студзеня, Ворша /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец патрабуе паскорыць работы па мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната і давесці сярэднюю заработную плату работнікаў у снежні 2012 года не менш за $500 у эквіваленце. Такі даручэнне губернатар паставіў сёння перад кіраўніцтвам рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства (РУВГП) "Аршанскі льнокамбінат" падчас рабочай паездкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеныя на нарадзе ў сакавіку 2010 года аб правядзенні мадэрнізацыі камбіната з выхадам на тэхнічны ўзровень, які адпавядае лепшым сусветным вытворчасцям аналагічнага профілю, цалкам выконваюцца, канстатаваў Аляксандр Косінец. На прадпрыемстве рэалізуецца бізнес-план развіцця на 2010-2013 гады з выхадам на праектную магутнасць да 2015 года. Ужо набыта 43 адзінкі новай тэхнікі, усталёўваецца звыш дзясятка адзінак сучаснага фарбавальнага абсталявання. Такім чынам, Аршанскі льнокамбінат зможа павялічыць долю гатовых тканін у агульным аб'ёме вытворчасці з 1,5 млн. пагонных метраў да 4,5-5 млн. пагонных метраў у год. У 2013 годзе плануецца набыць 175 высокапрадукцыйных ткацкіх станкоў.
У гутарцы з журналістамі старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што галоўнай задачай прадпрыемства з'яўляецца вытворчасць канкурэнтаздольных, запатрабаваных на рынку вырабаў - гатовых тканін, што дазволіць мець высокую дабаўленую вартасць, і запатрабаваў ад кіраўніцтва паскорыць работы па рэалізацыі бізнес-плана, мантажы набытага абсталявання і ўводзе яго ў строй. "Гэта дасць магчымасць павелічэння заработнай платы, якая да снежня 2012 года павінна складаць $500 у эквіваленце супраць Br3 млн. у снежні 2011 года", - сказаў ён.
Акрамя таго, Аляксандр Косінец звярнуў увагу на неабходнасць стварэння спрыяльных умоў працы работнікаў - найхутчэйшы ўвод у строй вентыляцыйных сістэм у цэхах. Аршанскаму гарвыканкаму даручана разгледзець пытанне аб прывядзенні ў парадак дзіцячага аздараўленчага лагера, перададзенага Аршанскім льнокамбінатам на баланс горада для таго, каб стварыць там сучасны комплекс, у якім маглі б адпачываць як дзеці, так і самі работнікі камбіната.
Занепакоенасць старшыні аблвыканкама выклікаюць складскія запасы гатовай прадукцыі, якія ацэньваюцца ў Br64 млрд. Некаторыя вырабы не знайшлі свайго пакупніка з 2007 года. Аляксандр Косінец лічыць неабходным правесці інвентарызацыю запасаў па гадах, вызначыць іх ліквіднасць і пры неабходнасці правесці уцэньку з тым, каб паскорыць абарачальнасць сродкаў.
РУПТП "Аршанскі льнокамбінат" - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і іншых краін СНД, утворана ў 1930 годзе. У цяперашні час у складзе прадпрыемства: фабрыка №1 па вытворчасці дывановай пражы, тарнавых тканін і прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння з кароткага валакна, фабрыкі №2, №3 - па вытворчасці пражы і тканін з доўгага ільновалакна, аздабляльная фабрыка, дзе выпускаюцца гатовыя бытавыя тканіны, швейная фабрыка. На прадпрыемстве налічваецца 25 цэхаў, 133 вытворчыя ўчасткі. Колькасць працаўнікоў на пачатак 2012 года перавысіла 5,7 тыс. чалавек, што складае 30% усіх занятых у прамысловасці Оршы.
У 2007-2009 гадах праводзіўся першы этап тэхнічнага перааснашчэння камбіната, дзякуючы якому пашырыўся і абнавіўся асартымент ільняных тканін з адначасовым зніжэннем сабекошту, таксама асвоены новы від прадукцыі з кароткага ільновалакна - котолен. Вытворчыя магутнасці дазваляюць перапрацоўваць у год каля 25 тыс.т ільновалакна і выпрацоўваць да 30 млн.кв.м ільняных тканін. Асартымент дасягае 2 тыс. артыкулаў. Гэта бытавыя тканіны розных малюнкаў і колераў, гатовыя вырабы, прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння. Бытавыя тканіны і вырабы з іх складаюць 77% ад аб'ёму вытворчасці прадпрыемства. У 2011 годзе прадпрыемства пастаўляла прадукцыю ў 7 краін блізкага замежжа і 21 краіну далёкага замежжа. Удзельная вага бытавых тканін, якія пастаўляюцца на экспарт, складае больш за 70%. Па папярэдніх дадзеных, рэнтабельнасць продажаў па выніках 2011 года складзе 19,6%. Чысты прыбытак склаў больш Br70 млрд.-0-
БЕЛТА