24 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Малоперапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з рэгіянальнай праграмай развіцця малочнай галіны маюць намер інвеставаць у тэхнічнае пераўзбраенне ў 2012-2015 гадах больш Br364,1 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. На працягу чатырох гадоў плануецца дадатковы ўвод магутнасцей па выпрацоўцы сыроў за кошт будаўніцтва новых цэхаў у ААТ "Пастаўскі малочны завод", Браслаўскім філіяле ААТ "Глубокскі малочна-кансервавы камбінат"; па вытворчасці сухога суцэльнага і сухога абястлушчанага малака за кошт загрузкі дзеючых магутнасцей, а таксама стварэння новых магутнасцей у ААТ "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат", ААТ "Аршанскі малочны камбінат", ААТ "Глубокскі малочна-кансервавы камбінат". Прадугледжваецца рэалізацыя мерапрыемстваў, якія дазваляюць забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне малочнай сыроваткі, у тым ліку кіслаты: тварожнай і казеінавай. У 2011 годзе ўведзены ў дзеянне цэх па вытворчасці сухой дэмінералізаванай сыроваткі магутнасцю перапрацоўкі 200 т у суткі ў ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод". Выкарыстанне электрадыялізнай устаноўкі дазволіць атрымаць у 2012 годзе да 2 тыс.т высакаякаснай сухой сыроваткі з рознай ступенню дэмінералізацыі. У 2012 годзе будзе пабудаваны аналагічны цэх па вытворчасці сухой дэмінералізаванай сыроваткі магутнасцю перапрацоўкі 500 т у суткі ў віцебскім ААТ "Малако". Разліковы тэрмін акупнасці інвестыцый, укладзеных у перапрацоўчую прамысловасць, складзе ў сярэднім 4-5 гадоў. Выкананне мерапрыемстваў дазволіць палепшыць структуру перапрацоўкі малака, максімальна выкарыстаць другасныя малочныя рэсурсы, палепшыць якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, знізіць затраты на вытворчасць прадукцыі. Рэалізацыя мерапрыемстваў па тэхнічным перааснашчэнні, павышэнні якасці прадукцыі, удасканаленні сістэмы збыту дазволіць павялічыць пастаўкі малочнай прадукцыі на экспарт. У 2015 годзе малоперапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёну плануюць вырабіць: 17,7 тыс.т масла сметанковага, 17 тыс.т сыроў тлустых; 250 тыс.т прадукцыі з суцэльнага малака; 75 млн. умоўных слоікаў малочных кансерваў; амаль 83 тыс.т сухога малака.