Маладзёжная акцыя "Пасадзі сваё дрэва!" пройдзе ў Полацку 4-6 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Маладзёжная акцыя "Пасадзі сваё дрэва!" пройдзе ў Полацку 4-6 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Акцыя прымеркавана да Тыдня лесу і мерапрыемстваў, якія арганізаваны ў Полацку ў сувязі з тым, што сёлета ён з'яўляецца маладзёжнай сталіцай Беларусі. Школьнікі, навучэнцы, вайскоўцы, маладыя спецыялісты за тры дні высадзяць на тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў больш за 500 туй.
Саджанцы прадаставіў Полацкі лясгас, які сёлета адзначае 80-годдзе. У гонар юбілею Полацкага лясгаса 4 красавіка будзе закладзена алея - 80 туй упрыгожаць тэрыторыю сярэдняй школы №15 Полацка. "Пры гэтай навучальнай установе дзейнічае школьнае лясніцтва "Раніца", удзельнікамі святочнай акцыі стануць юныя лесаводы", - растлумачылі ў прэс-службе.
"Пасадка дрэва сімвалізуе пераемнасць традыцый, надзейнасць і вечнасць, абнаўленне жыцця, росквіт, сувязь пакаленняў. Акрамя гэтага, існуе традыцыя азнаменаваць пасадкай дрэва якое-небудзь пачынанне. Туя лічыцца дрэвам жыцця", - адзначылі ў прэс-службе.
Майстар-класы па правільнай пасадцы дрэў у гэтыя дні пройдуць ва ўсіх лясніцтвах Полацкага раёна.
Арганізатары - аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама і ДЛГУ "Полацкі лясгас".