VI Абласны водны турыстычны паход пройдзе 11-13 жніўня па Заходняй Дзвіне ад Віцебска да Бешанковічаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абкаме БРСМ.

"У шосты раз моладзь прадпрыемстваў і арганізацый вобласці, члены БРСМ адправяцца ў падарожжа па вадзе, але ўпершыню да іх далучыцца і дэлегацыя Смаленскай вобласці. Што важна, кожны год маршрут змяняецца, мы стараемся даследаваць розныя водныя сістэмы. У гэты раз ён будзе праходзіць па Заходняй Дзвіне па маршрутах дзвюх войнаў ад Віцебска да горпасёлка Бешанковічы", - растлумачыў першы сакратар абкама БРСМ Віктар Глушын.

Паход стартуе урачыстым мітынгам у Камсамольскім парку. У першы дзень рабяты сплавяцца да вёскі Якуціна Віцебскага раёна, дзе іх чакаюць спаборніцтвы па дартсе, валейболе, гульня "Брэйн-рынг" і вячэрні вогнішча. Наступны дзень яны амаль цалкам правядуць на вадзе з прыпынкам на абед у вёсцы Бокішава. Увечары ўжо разбяруць намётавы лагер і будуць спаборнічаць па праграмах "Паласа перашкод на ўчастку ракі" і "Гумарыстычная паласа перашкод". Не абыдзецца без забаў на "Сустрэчы Нептуна", дзе моладзь пасвецяць у "водныя турысты". У апошні дзень паходу на тэрыторыі сядзібы ў Здраўнёва будуць падведзены вынікі і ўзнагароджаны ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў.

Цікава тое, што дадзены паход стане працягам даследаванняў гісторыкаў і энтузіястаў на аснове кнігі найбуйнейшага віцебскага краязнаўцы Аляксея Сапунова "Рака Заходняя Дзвіна" (1893 года) з падрабязным апісаннем галоўнай воднай артэрыі рэгіёна. "З 2014 года мы здзейснілі некалькі сплаваў, каб высветліць, якое жыццё пражыла старажытная рака, параўнаць яе мінулае, якое захаваў Сапуноў, з сапраўдным, - растлумачыў кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. Машэрава Дзяніс Юрчак. - Асабліва важна было ў 2015 годзе даследаваць цячэнне ракі ў цяперашняй зоне затаплення да месца будаўніцтва Віцебскай ГЭС, рэчышчавыя парогі, камяні, отмелі".