9 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Моладзь Віцебскай вобласці пазмагаецца ў складзе пазлаў: 18 лістапада ў Віцебску адбудзецца II абласны чэмпіянат па складзе пазлаў "Беларусь і я", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце БРСМ. Удзельнікамі займальнага спаборніцтва стануць каля 50 каманд у складзе трох чалавек, сфарміраваныя з ліку навучэнскай і студэнцкай моладзі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і ВНУ рэгіёна. Свой майстэрства маладыя людзі ўжо даказалі, стаўшы пераможцамі ў папярэдніх адборачных турах, якія адбыліся ў сценах родных навучальных устаноў. Як і ў мінулым годзе, абласны чэмпіянат пройдзе ў бібліятэцы імя Леніна. Конкурсная праграма ўключае два заданні. У першым членам каманд трэба будзе хутка і якасна скласці агульны пазл. У другім вынік будзе залежаць ад індывідуальнага майстэрства кожнага ўдзельніка: прыступіць да збору агульнакаманднай мазаікі канкурсанты змогуць, толькі склаўшы ўласны пазл. Узнагародай пераможцам стануць дыпломы, памятныя падарункі, а таксама права прадставіць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім чэмпіянаце ў Мінску. На чэмпіянаце трэба будзе збіраць пазлы з выявай вядомых славутасцяў Беларусі. Тым, хто добра ведае сваю краіну, яе найбольш яркія гістарычныя збудаванні, сучасныя аб'екты, удзельнічаць у конкурсе будзе прасцей, адзначылі ў БРСМ. Таму напярэдадні спаборніцтва хлопцы не толькі трэніруюцца ў хуткасным складзе пазлаў, але і актыўна папаўняюць сваю скарбонку ведаў аб Беларусі. Мерапрыемства накіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі, заклікана фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю і ўкараняць новыя формы арганізацыі вольнага часу сярод навучэнцаў. Арганізатары - упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі абласны камітэт БРСМ.-0-

БЕЛТА