Рэспубліканская акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі "Да абароны Айчыны гатоў!" пройдзе 20-25 лютага ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, паведаміў БЕЛТА каардынатар праекта Дзмітрый Туранок.
Акцыя прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў. Удзельнікаў чакаюць экскурсіі ў воінскія часткі Узброеных Сілаў, МУС, МНС, органаў пагранічнай службы Беларусі. Маладыя людзі змогуць наблізіцца да рэальнага армейскага жыцця, даведацца з першых вуснаў пра тое, як праходзіць вайсковая служба салдат, з чаго складаецца побыт вайскоўцаў.
Дзмітрый Туранок адзначыў, што падчас акцыі адбудуцца "Адкрытыя дыялогі" камандавання частак і злучэнняў з дапрызыўнай моладдзю. Будуць абмяркоўвацца канстытуцыйныя і прававыя асновы вайсковай службы, службы па кантракце. Запланаваны таксама спаборніцтвы па дапрызыўнай падрыхтоўцы, удзельнікі акцыі азнаёмяцца са сродкамі абароны беларускіх ратавальнікаў, экіпіроўкай і тэхнічным аснашчэннем унутраных войскаў і Дэпартамента аховы МУС. Акрамя таго, пройдуць майстар-класы па аказанні першай медыцынскай дапамогі ў надзвычайных сітуацыях, сустрэчы з камандзірамі МААП, прэзентацыі дзейнасці атрадаў моладзевага праваахоўнага руху БРСМ.
Моладзевы праект "Да абароны Айчыны гатоў!" накіраваны на фарміраванне ў маладых людзей якасцей грамадзяніна-патрыёта, папулярызацыю вайсковай службы, падкрэсліў Дзмітрый Туранок. Акцыя традыцыйна праходзіць пры падтрымцы Мінабароны, МУС, МНС, Дзяржпагранкамітэта.