16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладзёжнае інтэрнэт-тэлебачанне A-TV плануецца запусціць у Беларусі праз месяц. Аб гэтым сёння перад адкрыццём маладзёжнага інтэрнэт-форуму "Я - лідар!" журналістам паведаміў першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У БРСМ даўно падыходзілі да стварэння такога арыгінальнага інтэрнэт-рэсурсу. "Зрабіць гэта на грамадскіх пачатках няпроста, але мы паспрабуем", - сказаў Ігар Бузоўскі. Намеснік загадчыка цэнтра інтэрнэт-праектаў ЦК ГА "БРСМ" Аляксандр Стасевіч у сваю чаргу расказаў, што рэпартажы першага ў Беларусі маладзёжнага інтэрнэт-ТБ ўжо цяпер можна ўбачыць на сайце www.A-TV.by, а таксама на старонцы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" A-TV. Праект нацэлены на маладых людзей, якія хочуць праявіць сябе ў журналістыцы. Стварыць свой рэпартаж і накіраваць яго ў адміністрацыю сайта www.A-TV.by або праз групу сайта "ВКонтакте" можа любы ахвотны. Чакаецца, што пасля таго як A-TV пачне вяшчанне ў прамым эфіры, тут можна будзе ўбачыць дэбаты ў студыі, сацыяльныя праграмы і многае іншае. Маладзёжны інтэрнэт-форум "Я - лідар!" аб'яднаў каля 200 маладых блогераў, пачаткоўцаў web-журналістаў, лідараў інтэрнэт-супольнасцей, а таксама адміністратараў маладзёжных сайтаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі форуму змогуць у нефармальнай абстаноўцы пагутарыць з мэтрамі беларускай журналістыкі, палітычнымі аналітыкамі, лідарамі розных інтэрнэт-супольнасцей. У праграме таксама майстар-класы ад спецыялістаў па інтэрнэт-тэхналогіях, дзелавыя гульні, трэнінгі, разлічаныя ў тым ліку і на асобасны рост, развіццё лідарскіх якасцей. Форум "Я - лідар!" даў старт праграме "Зрабі свой выбар", якую БРСМ рэалізуе падчас падрыхтоўкі і правядзення ў краіне выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання. БРСМ плануе правесці буйнамаштабныя акцыі па выхаванні ў моладзі нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, прапагандзе дзяржаўнасці і патрыятызму, павагі да гісторыі, культуры і традыцый свайго народа. Сярод найбольш значных мерапрыемстваў злёт студэнцкіх атрадаў "Лета-2012", рэспубліканскі праект "100 ідэй для Беларусі", маладзёжны марафон "Зрабі свой выбар".