Маладзёжны інавацыйны форум упершыню пройдзе ў Беларусі
9.9.20100 праглядаў
9 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Маладзёжны інавацыйны форум упершыню пройдзе ў Беларусі ў лістападзе 2010 года. Пра гэта было заяўлена сёння на першым пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Папярэдняя назва форуму - "Моладзь. Інавацыі. Будучыня". Мэта мерапрыемства - стымуляваць удзел моладзі ў пабудове інавацыйнай эканомікі Беларусі, абазначыць неабходнасць вырашэння канкрэтных дзяржаўных задач маладзёжнай палітыкі ў навуковай, вытворчай і сацыяльнай сферах.
Удзел у мерапрыемстве возьмуць каля 400 дэлегатаў. Інавацыйныя праекты будуць прадстаўлены па наступных напрамках: тэхналагічныя інавацыі і вынаходніцтва; інфарматыка і радыёэлектроніка; тэхніка і матэрыялы будучыні; інавацыйныя біятэхналогіі і нанатэхналогіі. Форум працягнецца два дні і ўключыць у сябе выставу навуковых дасягненняў, працу па секцыях, школу-семінар "Менеджмент інавацый", анлайн-канферэнцыю з рэгіёнамі.
Мерапрыемства пройдзе на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. "Вялікія навуковыя форумы па розных напрамках праходзяць на тэрыторыі ўстановы не ў першы раз. Бібліятэка - гэта месца, дзе захоўваюцца ідэі, дзе ж іх абмяркоўваць, як не ў нас", - упэўнены дырэктар НББ Раман Матульскі. Па яго словах, "асноўныя контуры мерапрыемства ўжо вызначаны, цяпер трэба вырашыць арганізацыйныя моманты".
Падчас Маладзёжнага інавацыйнага форуму адбудзецца ўзнагароджанне лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў у намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект". Пераможцам і прызёрам конкурсу будуць уручаны дыпломы і прэміі - 50 базавых велічынь за першае месца і 30 і 20 базавых велічынь за другое і трэцяе месца адпаведна (базавая велічыня складае Br35 тыс.). Галоўная мэта мерапрыемства - пошук і наступная рэалізацыя перспектыўных інавацыйных праектаў, а таксама іх камерцыялізацыя.
Самыя цікавыя прапановы будуць адзначаны. Як паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў, у далейшым для рэалізацыі гэтых праектаў "будуць выдзелены пэўныя фінансавыя рэсурсы, каб быў эканамічны эфект ад распрацовак, якія робіць моладзь". Паводле яго слоў, мэтазгодна стварыць віртуальныя пляцоўкі на базе электронных рэсурсаў ДКНТ і падпарадкаваных арганізацый, якія будуць сумаваць інфармацыю па падрыхтоўцы да мерапрыемства. Акрамя таго, варта арганізаваць прыём заявак на мерапрыемства, у тым ліку праз Інтэрнэт.-0-
БЕЛТА