Моладзевы парламент будзе створаны ў Беларусі
9.11.20120 праглядаў
9 лістапада, Мінск /Карына Папкова - БелТА/. У Беларусі будзе створаны моладзевы парламент. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Уладзімір Казбанаў па выніках III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Навуковыя імкненні-2012", IV Міжнароднай моладзевай канферэнцыі "Маральнасць. Рэпрадуктыўнае здароўе. Дэмаграфія" і II Моладзевага інавацыйнага форуму "Навука і бізнес-2012", перадае карэспандэнт БелТА.
Уладзімір Казбанаў распавёў, што на пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі СНД была агучана пазіцыя старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціны Матвіенкі аб неабходнасці стварэння Міжпарламенцкай моладзевай асамблеі СНД. Яна прадугледжвае стварэнне моладзевых парламентаў у кожнай дзяржаве.
"У Беларусі пакуль такога моладзевага парламента няма. Гэтая ідэя з'яўляецца прыярытэтам у моладзевай палітыцы. Беларусь заўсёды выступала на прасторы СНД з ініцыятывай у сферы моладзевай палітыкі. Я ўпэўнены, што ў найбліжэйшы час моладзевы парламент у Беларусі будзе створаны, што ён гарманічна ўвойдзе ў структуру моладзевай Міжпарламенцкай асамблеі СНД", - адзначыў Уладзімір Казбанаў.
У сваёй структуры гэты парламент будзе мець прадстаўнікоў усіх напрамкаў дзейнасці моладзі. Уладзімір Казбанаў упэўнены, што маладыя вучоныя Акадэміі навук і іншых арганізацый будуць шырока прадстаўлены ў моладзевым парламенце.
Ён таксама закрануў тэму рэалізацыі інавацыйных праектаў, прадстаўленых на навуковых канферэнцыях. "Гэта найрэдзейшы выпадак, калі пасля такіх мерапрыемстваў вынікам з'яўляецца заключэнне дагавора ў якасці інвестпраекта. Асноўная мэта, якая была пастаўлена, - даць магчымасць удзельнікам "прарэпеціраваць" форму прадстаўлення свайго праекта ў лаканічнай, зразумелай, маляўнічай форме, для таго каб пры ўдзеле на міжнародных пляцоўках, дзе шансы на атрыманне фінансавай падтрымкі вышэй, можна было разлічваць на рэалізацыю сваіх ідэй", - распавёў Уладзімір Казбанаў.
Па яго словах, у беларускіх вучоных сур'ёзна пакутуе "вокладка". Сёння на міжнародным узроўні выйграюць тыя праекты, якія маюць самую зразумелую, прадуманую канцэпцыю праекта, а таксама доказы эфектыўнасці сваёй ідэі.
Навуковец дадаў, што Мінскі гарадскі тэхнапарк – гэта адна з тых арганізацый, якая сапраўды можа дапамагчы маладым навукоўцам. Яна знаходзіцца на этапе развіцця. Кіраўніцтва беларускай сталіцы сур'ёзна падыходзіць да развіцця гэтай арганізацыі. У прыватнасці, цяпер закупляецца высокатэхналагічнае абсталяванне, якое можна ўзяць напракат.
Савет маладых навукоўцаў НАН Беларусі з 5 па 9 лістапада праводзіў III Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Навуковыя імкненні-2012", IV Міжнародную моладзевую канферэнцыю "Маральнасць. Рэпрадуктыўнае здароўе. Дэмаграфія" і II Моладзевы інавацыйны форум "Навука і бізнес-2012".
На мерапрыемстве акрамя прэзентацый сваіх навуковых праектаў удзельнікі абмяркоўвалі актуальныя праблемы навуковай моладзі і пытанні, звязаныя з пераемнасцю пакаленняў у навуковым асяроддзі. Падчас канферэнцыі "Навуковыя імкненні" ўпершыню ў Беларусі праводзілася дыпламатычная школа. Гэта новы напрамак працы Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі, які будзе спрыяць стварэнню моладзевага парламента ў Беларусі і станаўленню дзяржаўнай моладзевай палітыкі.-0-
БЕЛТА