22 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Малады хлопец, рызыкуючы жыццём, вынес з палаючага дома чатырохгадовае дзіця ў вёсцы Мехавае Гарадоцкага раёна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Пажар адбыўся каля палудня 21 лютага ў двухкватэрным доме, у адной з кватэр якога пражывала ўдава з двума дзецьмі. Жанчына працавала на ферме даяркай і, як правіла, адправіўшы старэйшую васьмігадовую дачку ў школу, брала малодшага сына з сабой на працу. У гэты няшчасны дзень хлопчык прыхварэў, і мама вырашыла пакінуць яго дома. Не паспела яна дайсці да фермы, як ёй ужо паведамілі пра пажар у кватэры. Крыкі аб дапамозе суседкі па доме пачуў 23-гадовы Яўген Сямёнаў - слесар Бычыхінскага ўчастка КУВП "Гарадоцкае прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак", які знаходзіўся ў суседнім доме. Даведаўшыся ад суседкі, што ў кватэры знаходзіцца дзіця, мужчына ўзламаў замок уваходных дзвярэй, пранік у дом і на падлозе выявіў у непрытомным стане дзіця. Ён вынес хлопчыка і перадаў маці, якая да прыбыцця хуткай дапамогі рабіла штучнае дыханне дзіцяці. На думку ўрачоў, своечасова аказаная першая дапамога дала магчымасць хлопчыку выжыць. Дзіця даставілі ў Гарадоцкую раённую бальніцу, але праз тры гадзіны накіравалі ў Віцебскую абласную бальніцу ў рэанімацыйнае аддзяленне. Цяпер ён знаходзіцца ў цяжкім стане, урачы змагаюцца за яго жыццё. Дзіця атрымала моцнае атручэнне чадным газам. Па папярэдніх даных, прычынай пажару з'яўлялася дзіцячая свавольства. Кватэра да пражывання ўжо не прыдатная. Сям'я будзе пражываць у гэтай жа вёсцы ў бабулі. Варта адзначыць, што сям'ю наведвалі і работнікі адукацыі, РАНС, участковы інспектар, аглядная камісія. Ніколі якіх-небудзь прэтэнзій да маці не было.-0-

БЕЛТА