1 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладыя Віцебска, якія пажадалі змацаваць свой саюз 11.11.2011, запісваліся на рэгістрацыю шлюбу за год, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца аддзела ЗАГС Віцебскага гарвыканкама Галіна Гусева. "Запіс на рэгістрацыю шлюбу на лістапад гэтага года быў адкрыты ў кастрычніку 2010 года. Пасля гэтага літаральна за пару тыдняў увесь дзень 11 лістапада быў распісаны", - распавяла Галіна Гусева, адзначыўшы, што ўстойлівую цікавасць да гэтай даты праяўлялі на працягу ўсяго года, і калі па нейкіх прычынах вызвалялася месца, то на працягу нядоўгага часу яго займалі іншыя жадаючыя. Усяго 11 лістапада 2011 года повязямі Гіменея тут злучацца больш за 20 пар. Вясельны бум чакаецца ў гэты дзень і ў раённых аддзелах ЗАГС абласнога цэнтра. У цэлым мода на прыгожыя, незвычайныя або святочныя даты адзначаецца ў маладых кожны год. Так, ужо зараз жыхары Віцебска актыўна запісваюцца на рэгістрацыю шлюбу ў Дзень усіх закаханых (14 лютага), у Дзень Пятра і Фяўронні, які адзначаецца 8 ліпеня як Дзень сям'і, любові і вернасці. Запомнілася ў ЗАГСе і арыгінальная пара, якая пажадала распісацца 21.12.2012 - у дзень, на які прарочаць чарговы канец свету. "Пажэнімся, а калі што, то і памром у адзін дзень", - патлумачылі сваё жаданне маладыя людзі ў чорным. Вялікую колькасць вяселляў спяшаюцца згуляць закаханыя таксама ў другой палове красавіка, бо старт сямейнага жыцця ў маі, згодна з павер'ямі, прыводзіць да няшчаснага сужэнства. Па-за канкурэнцыяй у параўнанні з усімі астатнімі месяцамі жнівень і верасень, якія па праве называюцца вясельнымі, дадала суразмоўніца. Усяго на 1 лістапада гэтага года ў аддзеле ЗАГС Віцебскага гарвыканкама зарэгістравана 1048 шлюбаў, што на 128 саюзаў больш у параўнанні з студзенем-кастрычнікам 2010 года.-0-

БЕЛТА