2 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладзёжны экалагічны лагер сабраў у Віцебску валанцёраў з беларускага абласнога цэнтра, расійскага Смаленска і нямецкага Хагена. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама.
На працягу найбліжэйшых дзесяці дзён галоўным аб'ектам увагі для 30 маладых людзей стане возера паблізу гарадскога пасёлка Руба. Валанцёры дапамогуць ачысціць пляж і водную зону адпачынку, абсталяваць берагавую тэрыторыю грыбкамі, лаўкамі, альтанкамі, падрыхтаваць пляцоўку для гульні ў валейбол. Гэтыя работы будуць праводзіцца ў першай палове дня. Астатні час удзельнікі лагера прысвецяць навучальным заняткам, семінарам і трэнінгам экалагічнай тэматыкі, а таксама знаёмству з мясцовымі славутасцямі Віцебска.
Валанцёрскі лагер з удзелам моладзі з трох гарадоў-партнёраў праводзіцца ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта Ewoca-3, накіраванага на развіццё міжнародных маладзёжных кантактаў і экалагічнае выхаванне ў ходзе сумеснай працоўнай дзейнасці. Упершыню ён праводзіўся ў 2009 годзе ў Хагене, дзе ўдзельнікі займаліся пасадкай дрэў. У мінулым годзе валанцёры добраўпарадкоўвалі Смаленск. Віцебск з'яўляецца завяршальным этапам праекта. Разам з тым Віцебскі гарвыканкам ужо разглядае новыя цікавыя прапановы, прадстаўленыя партнёрамі Ewoca-3, для далейшай сумеснай дзейнасці.-0-
БЕЛТА
Маладыя эколагі з Беларусі, Расіі і Германіі добраўпарадкуюць возера паблізу Рубы
2.8.20110 праглядаў