22 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладым бацькам Віцебска немаўлят уручае Дзед Мароз, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага гарадскога клінічнага радзільнага дома №1 Алена Леановіч. Цырымонія ўрачыстага ўручэння Дзедам Марозам і Снягуркай кіндэр-сюрпрызаў шчаслівым бацькам праводзіцца ў радзільным доме штогод у перадсвяточныя дні. Сёлета святочныя віншаванні ад дзеда, які ўзяў на сябе абавязкі бусла, першымі атрымалі Таццяна і Віктар Кавалевічы. Разам з цёплымі словамі Дзед Мароз уручыў ім сёння адразу два згорткі з малымі, якія ўжо паспелі атрымаць імёны - Дзяніс і Данііл. Доўгачаканыя падарункі з ружовымі або блакітнымі стужкамі галоўны герой зімовых святаў будзе ўручаць і іншым новаспечаным бацькам аж да Хрышчэння. Прыемныя падзеі адбыліся сёння і ў самым радзільным доме: адзін з банкаў у якасці спонсарскай дапамогі падарыў гэтай медустанове да Новага года апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх коштам Br107 млн. Усяго за студзень-лістапад гэтага года ў Віцебскай вобласці нарадзіліся 11295 дзяцей, што на 55 немаўлят менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.-0-

БЕЛТА