Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў сочынскай Чырвонай Паляне правядзе перамовы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў сочынскай Чырвонай Паляне правядзе перамовы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік беларускай дзяржавы прыбыў у Сочы напярэдадні.
У прэс-службе беларускага лідара расказалі, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў, якія стаяць на парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Прэс-служба Крамля ў сваю чаргу паведамляе, што прэзідэнты абмяркуюць актуальныя тэмы двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы.
Варта адзначыць, што прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаюцца дастаткова часта як у двухбаковым фармаце, так і на інтэграцыйных пляцоўках, а пры неабходнасці тэлефануюць адзін аднаму для абмеркавання бягучых пытанняў. У апошні ж час медыйны інтарэс да перамоваў кіраўнікоў дзяржаў асабліва вырас у сувязі з узніклымі праблемамі ў супрацоўніцтве.
На працягу мінулага года ўрады Беларусі і Расіі распрацоўвалі інтэграцыйны пакет - тры дзясяткі дарожных карт па розных напрамках, аднак па факце на пачатак 2020 года засталіся неўрэгуляванымі важныя для Беларусі практычныя пытанні, у тым ліку тыя, што ляжаць па-за плоскасцю інтэграцыі. Асноўны клубок спрэчак звязаны з фарміраваннем цэн і пастаўкамі расійскай вуглевадароднай сыравіны. Тут таксама прысутнічае фактар падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі, з-за якога толькі ў 2019 годзе Беларусь страціла каля $330 млн, у тым ліку страты бюджэту склалі $130 млн, нафтаперапрацоўчых заводаў - амаль $200 млн.
Акрамя таго, пакуль не канчаткова ўрэгулявана пытанне аб кампенсацыі расійскім бокам за пастаўленую ў красавіку па трубаправодзе "Дружба" брудную нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты, шкода была нанесена і трубаправоднай сістэме.
"Гэта адбываецца рэгулярна ўжо на працягу 13 гадоў"
Як паведамлялася, напярэдадні візіту ў Расію Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду на тэму забеспячэння эфектыўнай працы паліўна-энергетычнага комплексу краіны. "Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг мер па выкананні прагнозных паказчыкаў і, няма чаго хаваць, пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія намяціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце і перш за ўсё ва ўзаемаадносінах з Расіяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта не толькі вузкія пытанні. Яны ва ўсіх на слыху - тыпу паставак нафты, газу, прадуктовыя войны, якія, на жаль, сталі звыклымі ў апошні час".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што разнадумствы па энергетычных пытаннях з найбліжэйшым партнёрам - Расіяй - адбываюцца рэгулярна ўжо на працягу 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы. "Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзены цвёрдыя гарантыі. Да прыкладу, у гэтым годзе Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн т нафты - па 2 млн кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тыс. - адна чвэрць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь у студзені працавала над пастаўкамі нафты з расійскай групай кампаній "Сафмар" па цане без прэміі, у той час як іншыя расійскія пастаўшчыкі патрабавалі да цаны на нафту заплаціць яшчэ і дадатковую прэмію. "І на тонне гэта 15-16$. А памножце на 24 млн т. Гэта прыстойныя грошы", - распавёў Аляксандр Лукашэнка ў адным з нядаўніх выступленняў.
Ёсць прэтэнзіі і з боку Беларусі ў пытанні паставак расійскага газу. Прэзідэнт ужо неаднаразова за апошні час нагадваў, што раней пры продажы "Белтрансгазу" была дамоўленасць і абяцанне на працягу наступных некалькіх гадоў выраўняць для Беларусі цэнавыя ўмовы з Расіяй. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што прынцыповым тут з'яўляецца не цана, а роўныя канкурэнтныя ўмовы.
На папярэдніх шматгадзінных перамовах з Уладзімірам Пуціным 7 снежня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Роўныя ўмовы – больш нічога не трэба. Мы не просім, як некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту. Мы гатовыя і па $200 газ купляць і нафту купляць не па $63 за барэль".
Дарэчы, цана расійскага газу для Беларусі ў 2019 годзе складала $127 за 1 тыс. куб.м, і аб новым кантракце і цане бакі павінны былі дамовіцца яшчэ летам мінулага года. Але гэта ўдалося зрабіць толькі напярэдадні Новага года, і то па цане толькі на студзень-люты са захаваннем леташняга ўзроўню, хоць беларускі бок разлічваў на паэтапнае зніжэнне.
"Альтернатыўныя пастаўкі - не блеф"
Сітуацыя з пастаўкамі энергарэсурсаў вымусіла Беларусь шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. Прамое даручэнне ўраду на гэты конт даў Аляксандр Лукашэнка. Разглядаюцца самыя розныя варыянты паставак, уключаючы трубаправодны і чыгуначны транспарт. Тэма ўжо публічна абмяркоўвалася з высокімі службовымі асобамі суседніх краін-транзіцёраў – прэм'ер-міністрам Латвіі Крыш'янісам Карыньшам і міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам падчас іх нядаўніх візітаў у Беларусь.
Вядуцца актыўныя перамовы і з патэнцыйнымі пастаўшчыкамі. Напрыклад, з Казахстанам. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліваў, што праца з альтэрнатыўнымі расійскім пастаўкамі нафты - гэта не блеф, і распавядаў пра магчымыя маршруты. Адзін з іх - праз парты на Балтыцы, і такім чынам ужо закуплена партыя нарвежскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут - з Гданьска па адной з нітак нафтаправода "Дружба", які для гэтага неабходна будзе запусціць у рэверсным рэжыме. "Я Пуціну прама сказаў: на першым этапе, калі мы з палякамі дамовімся, будзем рэверсам пастаўляць па адной з трох труб", - адзначаў кіраўнік дзяржавы ў канцы студзеня.
Трэці напрамак, і ён ужо раней быў апрабаваны, - пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора.
"І чацвёрты - гэта Расія. Мы не адмаўляемся ад гэтай нафты. Але такім чынам адбудзецца дыверсіфікацыя паставак. Гэта значыць, мы не з адной краіны, ад манаполіі, будзем атрымліваць нафту", - заяўляў Прэзідэнт.
Раней таксама паведамлялася аб гатоўнасці шэрагу буйных гульцоў на нафтавым рынку пастаўляць адпаведную сыравіну ў Беларусь. Сярод іх партнёры на Блізкім Усходзе і нават ЗША. "Нашы вытворцы энергетычных рэсурсаў гатовыя забяспечыць вас неабходнай нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах. Мы самыя буйныя вытворцы энергетычных рэсурсаў у свеце. І ўсё, што вам трэба, - звярнуцца да нас", - сказаў 1 лютага пасля сустрэчы ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа.
У цэлым Прэзідэнт ставіць задачу імкнуцца да таго, каб 30-40% патрэбных аб'ёмаў нафты закупляць у Расіі і прыкладна па трэці завозіць з Балтыкі і праз Украіну.
"Настаў момант ісціны"
Аб надыходзячых чарговых перамовах з кіраўніцтвам Расіі стала вядома 4 лютага. Прэзідэнт Беларусі распавёў аб гэтым журналістам падчас наведвання прадпрыемства ў Добрушы. "Я так разумею, і аб гэтым яму буду гаварыць адкрыта, - нейкі момант ісціны настаў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй. - Заўв. БЕЛТА). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, нам іх ламаць напрыканцы нашай палітычнай кар'еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе - вось у чым пытанне", - заявіў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і сяброўскіх адносін з брацкім народам Расіі, але ўказаў на шэраг праблемных пытанняў, што застаюцца ў міждзяржаўным супрацоўніцтве. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на вялікі дысбаланс у беларуска-расійскім таваразвароце: "У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй $9 млрд. Гэта значыць, яны ў нас прадаюць на $9 млрд больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць".
У цэлым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз заклікаў да канструктыўнага супрацоўніцтва. "Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі (у мінулыя гады па развіцці двухбаковых адносін з Расіяй. - Заўв. БЕЛТА), прытым у годным выглядзе", - рэзюмаваў ён.