8 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрымальніцтва ў малых гарадах атрымае дадатковы стымул да развіцця дзякуючы прэферэнцыям, прадастаўленым дэкрэтам №6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці". Такі пункт гледжання выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар і заснавальнік прыватнага прадпрыемства з Наваполацка "Любава" Вячаслаў Маліноўскі.
Меры, прынятыя на працягу апошніх пяці гадоў дзяржавай па падтрымцы прадпрымальніцтва на вёсцы і ў малых гарадах, даюць станоўчы эфект, лічыць суразмоўца. У прыватнасці, прадпрыемства "Любава" стварыла свой вытворчы філіял у пасёлку Бараўляны і ў поўнай меры скарысталася льготамі, прадастаўленымі дэкрэтамі ад 20 снежня 2007 года №9 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці ў сельскай мясцовасці" і ад 28 студзеня 2008 года №1 "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)".
Адным з ключавых палажэнняў новага заканадаўчага акта, якое будзе стымуляваць стварэнне новых вытворчасцей, на думку Вячаслава Маліноўскага, стане сямігадовы мараторый на спагнанне падатку на прыбытак і падаходнага падатку. "Гэта будуць немалыя сумы, якія мы зможам накіроўваць у развіццё вытворчасці. Вызваленне ад выплаты падатку на прыбытак таксама сведчыць аб даверы дзяржавы да малога бізнесу, з аднаго боку, а з другога - стымулюе прыватнага прадпрымальніка да сумленнага вядзення спраў", - упэўнены ён. Акрамя таго, дзякуючы такім прэферэнцыям беларускі вытворца атрымлівае магчымасць канкураваць з вытворцамі Расіі і Казахстана, што немалаважна ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы.
Вячаслаў Маліноўскі таксама звярнуў увагу на прадугледжанае дэкрэтам №6 вызваленне вытворчасцей на вёсцы ад абавязковага продажу валютнай выручкі, адлічэнняў у інавацыйныя фонды, а таксама ад абавязковага заключэння здзелак на біржавых таргах ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" пры набыцці сыравіны, камплектуючых і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці і ажыццяўленні знешняга гандлю таварамі ўласнай вытворчасці. "У дадзеным выпадку дзяржава прадастаўляе вытворцам гарантыі таго, што яны змогуць бесперашкодна ажыццяўляць знешнегандлёвыя аперацыі", - падкрэсліў ён.
Бізнесмен таксама пазітыўна адзначыў прадастаўленую новым дэкрэтам магчымасць адчужэння дзяржмаёмасці ў малых гарадах без продажу права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка і прадастаўленне яго без правядзення аўкцыёну і спагнання платы за права заключэння дагавора арэнды. Разам з тым ён лічыць, што практыку перадачы пустуючых зямельных участкаў неабходна пашырыць і даць магчымасць прадпрымальнікам атрымліваць іх на льготных умовах, няхай і пад пэўныя абавязацельствы, для стварэння вытворчасцей.
Прадпрыемства "Любава" займаецца вытворчасцю швейных і трыкатажных вырабаў і ўключае ў сябе некалькі прадпрыемстваў - "Любава-Люкс" і "Любава-Італ-Стыль". На прадпрыемстве ўстаноўлена сучаснае замежнае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць вырабы, што не саступаюць па сваёй якасці імпартным аналагам. Калекцыі "Любавы" абнаўляюцца два разы на год. Збытавая стратэгія прадпрыемства накіравана на працу з аптовымі пакупнікамі. Кліентамі прадпрыемства з'яўляюцца больш за 100 гандлёвых прадпрыемстваў розных форм уласнасці, размешчаных у Беларусі, Расіі, Казахстане і Украіне. Прыкладна чвэрць выпускаемай прадукцыі экспартуецца. -0-
БЕЛТА