Магутную сыравінную базу для абутковай прамысловасці плануецца стварыць у Віцебскай вобласці
22.11.20120 праглядаў
22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праект стварэння магутнай сыравіннай базы для гарбарна-футравай і абутковай прамысловасці разгледжаны сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца, на працягу бліжэйшых гадоў для развіцця гарбарна-футравай і абутковай прамысловасці рэгіёна на тэрыторыі Віцебскага футравага камбіната плануецца пабудаваць буйны завод па перапрацоўцы гарбарнай сыравіны і выпрацоўцы скуры ў колькасці 1 млн.кв.м у год, павялічыць вытворчыя магутнасці па выпуску абутку на сумесным адкрытым таварыстве з абмежаванай адказнасцю "Марка" і "Белвест" да 6-6,5 млн. пар у год на кожным. У мэтах каардынацыі работы арганізацый гарбарна-абутковай прамысловасці на базе апошніх будуць створаны холдынгі - гарбарна-абутковая "Кампанія "Марка" і абутковая "Кампанія "Белвест".
У мэтах нарошчвання вытворчых магутнасцей прадугледжана стварэнне кожнай з гэтых кампаній новых вытворчасцей. Пляцоўкі для будаўніцтва кіраўнікам "Марка" і "Белвест" прапанаваны. "Акрамя гэтага вы можаце скарыстацца і ўжо гатовай базай", - прапанаваў Мікалаю Мартынаву і Юрыю Суманееву старшыня аблвыканкама. У якасці магчымых варыянтаў ён назваў вольныя плошчы наваполацкага прадпрыемства "Вымяральнік" і віцебскага "Эвістар". "Пры стварэнні новых вытворчасцей аблвыканкам гатовы дапамагчы з правядзеннем будаўніча-мантажных работ, на вас жа кладзецца задача па закупцы неабходнага абсталявання, прыцягненні інвестыцый на гэтыя мэты", - адзначыў Аляксандр Косінец, паставіўшы задачу рэалізаваць гэтыя праекты да 1 ліпеня 2014 года.
Значная ўвага падчас абмеркавання праекта была ўдзелена стварэнню магутнай сыравіннай базы для гэтай галіны. Плануецца, што пастаўкі скур буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, звяркоў будуць ажыццяўляць арганізацыі вобласці. З гэтай мэтай у раёнах вобласці плануецца пабудаваць 21 авечкагадоўчую (на 100 тыс. галоў) і 15 пушных ферм. Для забеспячэння апошніх кармамі дадатковае развіццё атрымае рыбаводства. Агульны аб'ём інвестыцый, які спатрэбіцца на стварэнне сыравіннай базы папярэдне ацэньваецца ў суму звыш Br3 трлн."Акрамя таго, асаблівай прапрацоўкі патрабуе пытанне кадравага забеспячэння, бо ўвод у эксплуатацыю новых вытворчасцей запатрабуе значную колькасць кваліфікаваных работнікаў", - адзначыў Аляксандр Косінец. З гэтай мэтай ён даручыў разгледзець магчымасць адкрыцця новых спецыяльнасцей для падрыхтоўкі неабходных кадраў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці, якія ўжо ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў для прадпрыемстваў абутковай галіны.
"У цэлым кожная з пазіцый праекта патрабуе дапрацоўкі. Акрамя таго, неабходна больш дэталёва пралічыць неабходны на яго рэалізацыю аб'ём інвестыцый. Трэба ўсё грунтоўна дапрацаваць", - заключыў Аляксандр Косінец. Ён даручыў рабочай групе, у склад якой на пасяджэнні аблвыканкама была ўключана намеснік старшыні канцэрна "Беллегпрам" Людміла Цяглова, выканаць гэту задачу да канца месяца.
Па даных камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, на тэрыторыі Віцебскай вобласці размешчаны 7 прадпрыемстваў, якія адносяцца да абутковай прамысловасці, у тым ліку 4 прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад канцэрна "Беллегпрам" (СААТ "Марка", СААТ "Белвест", ПП "Сан-Марка", ААТ "Чырвоны Кастрычнік" - вытворчасць абутку), 3 прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці - ПП "Витма", ТАА "Хэпі Фэмілі", ТАА "Назвіт". У абутковай прамысловасці заняты каля 5 тыс. чалавек, у тым ліку на РВУП "Віцебскі футравы камбінат" (адзінае ў рэспубліцы прадпрыемства, якое спецыялізуецца на перапрацоўцы розных відаў футравай, авечай і каракулевай сыравіны і вырабе вырабаў са скур) - 200 чалавек.
У вобласці вырабляецца 45,3% абутку (па выніках 2011 года) ад агульнарэспубліканскага аб'ёму. Вытворчыя магутнасці абутковых арганізацый рэгіёну складаюць 6,57 млн. пар у год і загружаны на 95,9%. За 9 месяцаў 2012 года абутковыя прадпрыемствы вобласці вырабілі 4,7 млн. пар, што адпавядае ўзроўню 2011 года. Больш за 40% прадукцыі агульнага аб'ёму вытворчасці абутковымі прадпрыемствамі пастаўляецца на экспарт, у тым ліку СААТ "Марка" - 55,2%, СААТ "Белвест" - 68,6%.-0-
БЕЛТА