Магутны штуршок развіццю рэгіёнаў можа даць буйны бізнес, і задача ўладаў - стварыць у глыбінцы прывабныя ўмовы для сур'ёзных дзелавых людзей.

Магутны штуршок развіццю рэгіёнаў можа даць буйны бізнес, і задача ўладаў - стварыць у глыбінцы прывабныя ўмовы для сур'ёзных дзелавых людзей. Такім меркаваннем падзяліўся ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў, каментуючы справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Губернатар адзначыў, што нераўнамернае развіццё рэгіёнаў уплывае на якасць жыцця людзей, і таму сітуацыю неабходна выраўноўваць. Адзін з дзейсных механізмаў - прыцягненне інвестараў. Пакуль у краіне самая высокая канцэнтрацыя прадпрымальніцкіх людзей у сталічным рэгіёне. "На жаль, не асабліва хочуць бізнесмены сыходзіць на перыферыю і развіваць там вытворчасць. У іх на тое ёсць свае падставы і цэлы шэраг аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын. Задача мясцовых і цэнтральных уладаў - дзейнічаючы ўзгоднена, ствараць у рэгіёнах прывабныя ўмовы для бізнесу, дробнага і буйнога, айчыннага і замежнага. Дарэчы, у Віцебскай вобласці ўжо ёсць прыклады прыцягнення значных інвестыцый. Так, завод белай бляшанкі, які будуецца ў Міёрах, - велізарнае прадпрыемства з сумай укладанняў 250 млн еўра", - сказаў кіраўнік вобласці.

На думку Мікалая Шэрстнёва, развіццё рэгіёнаў грунтуецца на двух асноўных складніках - гэта дзяржпалітыка па падтрымцы рэгіёнаў і прыцягненне ў глыбінку істотных недзяржаўных інвестыцый. "І першае, і другое аднолькава значна. Дзяржаўная падтрымка - гэта будаўніцтва новых дарог, садзейнічанне важным для краіны вытворчым аб'ектам. Прыцягненне бізнесу, як беларускага, так і замежнага, - гэта стварэнне новых высокапрадукцыйных, а значыць, высокадаходных працоўных месцаў, істотныя адлічэнні ў бюджэт, умацаванне сацыяльнай сферы, а ў цэлым - развіццё рэгіёну і паляпшэнне якасці жыцця нашых людзей", - рэзюмаваў губернатар.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)