Пакутавальнік бакланаў абавязаны аплаціць штраф і пакрыць шкоду на агульную суму больш за Br23 млн.
22.8.20120 праглядаў
22 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пастанова суда Чашніцкага раёна аб накладанні штрафу і спагнанні шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, за жорсткае абыходжанне з птушанятамі бакланаў у агульнай суме больш за Br23 млн. уступіла ў законную сілу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў судзе Чашніцкага раёна.
Пастанова суда была агучана 10 жніўня, і да 20 жніўня грамадзянін мог яе абскардзіць, аднак не скарыстаўся гэтым правам. Пастанова не абскарджана і не апратэставана і такім чынам уступае ў законную сілу. На падставе артыкула 15.45 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях - жорсткае абыходжанне з жывёламі, суд Чашніцкага раёна пастанавіў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці жыхара раёна 1982 года нараджэння ў памеры 25 базавых велічынь, што складае Br2,5 млн. і спагнаць у даход дзяржавы шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, у памеры Br20 760 000.
Як паведамлялася раней, мужчына з'яўляецца рыбаком мясцовага ПМК-26. Выразных тлумачэнняў свайму жорсткаму ўчынку на пасяджэнні суда ён не даў, патлумачыўшы толькі, што чуў пра шкоду, якую бакланы наносяць, паядаючы рыбу ў вялікіх колькасцях. Паводле яго слоў, птушанятам ён адварочваў галовы, а затым зразаў верхнюю частку дзюбы.
На возеры Лукомскае ў Чашніцкім раёне ў сярэдзіне чэрвеня арнітолагамі былі выяўлены дзясяткі птушанят бакланаў з адрэзанымі наддзюбамі. Па гэтым факце Чашніцкі РАУС праводзіў праверку. Па рашэнні раённай камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, якія трапілі ў бядотнае становішча, раённая інспекцыя сумесна з супрацоўнікамі МНС, членамі БТАР адлавіла пакалечаных птушак, усыпіла іх і ўтылізавала. Эўтаназія стала адзіным спосабам не памерці поўнай голаднай смерцю 28 птушкам з адрэзанай верхняй часткай дзюбы.
Баклан уваходзіць у пералік дзікіх жывёл непажаданых відаў, яго здабыча дазволена. Аднак жорсткае абыходжанне з любымі птушкамі недапушчальна і караецца законам. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.-0-
БЕЛТА