Музей беларускага кнігадрукавання адкрывае Год кнігі выставай найлепшых кніг Беларусі
25.1.20120 праглядаў
25 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Музей беларускага кнігадрукавання - філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрывае выставачны сезон Года кнігі выставай кніг - лаўрэатаў 50-га нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2010" і VII Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" краін - удзельніц СНД, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца філіяла Алена Шумовіч.
Лепшыя кнігі Беларусі па выніках конкурсу перададзены ў фонд музея Міністэрствам інфармацыі. Калекцыю папоўнілі 470 кніг, навучальных дапаможнікаў. З усімі з іх можна азнаёміцца на адкрытай выставе.
Добрая традыцыя перадачы ў фонды музея кніг - лаўрэатаў конкурсу склалася ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. З 1991 года Міністэрствам інфармацыі перададзена каля 5 тыс. выданняў, якія атрымалі прызнанне прафесіяналаў кнігадрукавання. Варта адзначыць, што ў музейнай калекцыі ёсць і лепшыя беларускія кнігі, прызнаныя такімі яшчэ на савецкіх конкурсах 50-60-х гадоў XX стагоддзя.
У найбліжэйшых планах музея тэматычныя выставы кніг, прысвечаныя Полацку, які ў 2012 годзе святкуе 1150-годдзе, юбілеям класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Спецыяльная экспазіцыя факсімільных і рэпрынтных выданняў рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства, прымаць які сёлета будзе Глыбокае.
На думку Алены Шумовіч, Год кнігі ў Беларусі закліканы падтрымаць цікавасць да друкаванага слова. "Супрацоўнікі музея клапоцяцца аб захаванні і данясенні да наведвальнікаў роднага слова, стараюцца вучыць іх паважаць і берагчы сваю мову, сваю культурную спадчыну - кнігу. Падарожжа па залах музея выхоўвае не толькі гонар за вялікіх беларускіх асветнікаў: Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Сымона Полацкага, Васіля Цяпінскага, тых, хто садзейнічаў развіццю пісьменнасці, асветы, ведаў, але і за сучаснікаў, стараннем якіх ствараецца кніга сучасная", - адзначыла суразмоўніца.
Музей беларускай кнігадрукавання з’яўляецца адным з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчаецца ў памяшканні былой Брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя. Музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара палачаніна Францыска Скарыны. Музей прысвечаны кнізе ва ўсіх яе аспектах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння пісьменнасці, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Ён з’яўляецца адзіным у Беларусі музеем такога тыпу.
Экспазіцыйная плошча музея складае 928 кв.м. Экспазіцыя размяшчаецца ў 15 залах, на двух паверхах, дэманструецца 2500 музейных экспанатаў. Фонды налічваюць каля 12 тыс. прадметаў. Самую вялікую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі: рукапісныя, старадрукаваныя, а таксама сучасныя выданні. Старадрукаваныя выданні прадстаўлены цікавымі і прыгожымі выданнямі кірылічнага і лацінскага шрыфтоў. Сярод іх такія рарытэты, як "Евангелле вучыцельнае", выдадзенае ў Вільні друкарняй Мамонічаў у 1595 годзе, венецыянскае выданне Альдаў 1558 года "12 рэчаў" Ераніма Фалецкага.-0-
БЕЛТА