Крос-фотаквест "Пешком у гісторыю", прысвечаны Міжнароднаму дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін (Дзень сусветнай спадчыны), захопіць моладзь Глыбокага 18 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Крос-фотаквест "Пешком у гісторыю", прысвечаны Міжнароднаму дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін (Дзень сусветнай спадчыны), захопіць моладзь Глыбокага 18 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Сёння ўвечары ў райцэнтры пройдзе незвычайны квэст па архітэктурных помніках, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны альбо патэнцыйна могуць там апынуцца. "Такім незвычайным чынам мы хочам прыцягнуць увагу да гістарычнай спадчыны Глыбокага, папулярызаваць веды пра яе сярод моладзі. Удзельнічаць будуць тры каманды: працоўная моладзь, старэйшакласнікі і каманда Маладзёжнай палаты пры райвыканкаме. У кожнай будзе свой маршрут з 8 аб'ектаў", - растлумачыла навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алена Мядзялец.
Сутнасць квэста ў тым, што кожнай камандзе выдаюцца па 8 пытанняў з прыкладзенымі да іх фотаздымкамі, на якіх замацаваны элементы помнікаў. Трэба іх знайсці і зрабіць сэлфі на фоне аб'екта. Акрамя таго, правільныя адказы трэба ўпісаць у крыжаванку, а ўтворанае ад іх слова па вертыкалі пакажа на фінішную кропку.
Алена Мядзялец адзначыла, што ўсяго ў Глыбокім знаходзіцца 66 гісторыка-культурных каштоўнасцей, і гэта не лічачы аб'ектаў нематэрыяльнай спадчыны. Штогод музей ініцыюе ўключэнне ў спіс новых аб'ектаў, у тым ліку ў 2016 годзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўную таблічку атрымаў сам будынак музея пачатку 1920-х гадоў пабудовы.