26 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Музей Марка Шагала ў гонар 125-годдзя знакамітага мастака гатовы з кожнага наведвальніка зрабіць творцу. Незвычайную, але вельмі папулярную ў еўрапейцаў задумку ў гонар юбілею збіраюцца рэалізаваць у музеі, распавяла карэспандэнту БЕЛТА яго дырэктар Людміла Хмяльніцкая. Музей Марка Шагала - адзін з самых наведвальных у Віцебску. Штогод не менш за 20 тыс. чалавек, у тым ліку нямала замежнікаў, знаёмяцца з яго экспазіцыяй. У юбілейным годзе паток турыстаў узрасце, упэўнена Людміла Хмяльніцкая, аднак абмяжоўвацца традыцыйнымі экскурсіямі музей не мае намеру. Для турыстычных груп распрацавана спецыяльная прапанова, якая будзе дзейнічаць з сярэдзіны мая да канца верасня. У прыватнасці, турыстам - наведвальнікам дома-музея, прапануецца паспрабаваць стварыць творчую працу ў тэхніцы манатыпіі, якая спалучае ў сабе эстамп і жывапіс і так сугучная творчасці Шагала - жывапісца і графіка. У тэхнакратычны век асаблівым шыкам у еўрапейцаў лічыцца ўсё, што зроблена сваімі рукамі, а навучанне навыкам розных рамёстваў стала модным захапленнем, таму і нарадзілася ідэя незвычайнага ўрока, растлумачыла Людміла Хмяльніцкая. Майстар-клас "Кожны з нас - стваральнік" будуць праводзіць супрацоўнікі музея, якія атрымалі прафесійную мастацкую адукацыю. Яны раскажуць пра манатыпію, пакажуць нескладаныя прыёмы, і кожны вучань зможа сваімі рукамі стварыць графічную працу. Усе творы самадзейных графікаў будуць праштампаваны знакам "Зроблена ў музеі Марка Шагала", стануць уласнасцю аўтараў - адзіным і непаўторным сувенірам на памяць пра знаёмства з працамі і жыццём Марка Шагала. Урок будзе праходзіць у садзе дома-музея. Па словах Людмілы Хмяльніцкай, турыстычныя кампаніі ўжо праяўляюць зацікаўленасць да арганізацыі экскурсій у музей. Некаторыя з іх правялі прэзентацыю сваіх тураў, прысвечаных 125-годдзю майстра, на міжнародных турыстычных выстаўках у Ізраілі, Германіі і ў Расіі.-0-

БЕЛТА