9 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Шагалаўскія чытанні музея Марка Шагала ў Віцебску - унікальная навуковая з'ява, якая аб'ядноўвае тых, каму ёсць што сказаць пра мастака. Пра гэта заявіў сёння на адкрыцці XXII Міжнародных Шагалаўскіх чытанняў навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, аўтар шматлікіх выданняў па гісторыі мастацтва Ян Брук, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Музей Марка Шагала ў Віцебску - асаблівы мемарыяльны музей. Ён разумее сваё прызначэнне. І калі на першым этапе ён служыў аднаўленню памяці пра Шагала, то цяпер, праз два дзесяцігоддзі, ён дапамагае зразумець і ўвайсці ў яго творчасць", - лічыць Ян Брук. Шагалаўскія чытанні з'яўляюцца адной з цэнтральных падзей святкавання 125-годдзя Марка Шагала ў Віцебску. На думку расійскага мастацтвазнаўцы, "юбілей мастака, у адрозненне ад многіх іншых круглых дат знакамітых майстроў, не пафасны і пышны, а працоўны". Выставы, прысвечаныя мастаку, праходзяць ва ўсіх сусветных сталіцах і найбуйнейшых гарадах. "Шагал запатрабаваны і жаданы мастак. А яго музей у Віцебску запатрабаваны тымі, хто даследуе яго творчасць, хто хоча быць пачутым і зразумелым", - падкрэсліў Ян Брук. Навуковая канферэнцыя завершыць сваю працу 10 чэрвеня ў музеі. Цікавасць да яе праявілі мастацтвазнаўцы, гісторыкі і архівісты з Расіі, Беларусі і Латвіі. У цэнтры ўвагі - пытанні, звязаныя з біяграфіяй і творчасцю Марка Шагала, а таксама гісторыяй Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. У прыватнасці, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчыца кафедры, прафесар Расійскай акадэміі жывапісу, скульптуры і дойлідства Ільі Глазунова Ніна Геташвілі прачытае даклад на тэму "Шагал і Пірасмані: межы наіўнага", дактарант інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Аляксандр Лісоў прадставіць свае матэрыялы пра біяграфію і творчасць Казіміра Малевіча "Казімір Малевіч: выбар паміж сталіцай і правінцыяй. Год 1921". Да пачатку чытанняў прымеркавана адкрыццё выставы "Гісторыя Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 1918-1923", заснаванай на матэрыялах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, музея "Віцебскі Цэнтр сучаснага мастацтва" і музея Марка Шагала.