11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Музей Марка Шагала ў Віцебску ўступае ў сваё трэцяе дзесяцігоддзе з новым міжнародным праектам "Ілюзія знікнення". У выставачнай зале прадстаўлены працы 14 мастачак з пяці краін, расказала на прэс-канферэнцыі дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта новы праект музея, які, як спадзяюцца яго арганізатары, атрымае штогадовае развіццё. Да ўдзелу ў ім будуць запрошаны толькі жанчыны-мастачкі, бо мэта праекта - паказаць, што сур'ёзнае мастацтва даступна не толькі мужчынам.
Першую выставу праекта аб'ядноўвае тэма любові, таму яна атрымала назву "Ілюзія знікнення. I love you". "З аднаго боку, гэта банальная назва, расшыфраваць гэтыя англійскія словы можа любы, але разам з тым фраза "Я люблю цябе" вельмі сур'ёзная і шматгранная, яна простая, але глыбокая", - растлумачыла выбар тэмы куратар выставы віцебская мастачка Вікторыя Крупская.
У вернісажы ўдзельнічаюць мастачкі з Беларусі, Расіі, Латвіі, Германіі, Францыі. Іх працы выкананы ў розных тэхніках, але кожная нясе ўласнае разуменне любові: любоў да бацькоў, мужчыны, дзіцяці, творчасці, роднага дома.
Выстава арганізавана пры садзейнічанні пасольства Францыі ў Беларусі і консульства Латвіі ў Віцебску.
У верасні 2011 года музей Марка Шагала ў Віцебску адзначыў 20-годдзе з дня заснавання. Музей рэалізуе праекты, якія тычацца не толькі творчасці Шагала. Выставы сучаснага мастацтва праходзяць рэгулярна з лістапада да мая. Толькі сёлета тут выстаўляліся аўтары з Латвіі, Францыі, ЗША.-0-
БЕЛТА
Музей Шагала ў Віцебску адкрывае жаночы погляд на каханне
11.11.20110 праглядаў