Музей Перамогі на Паклоннай гары ў Маскве пяць гадоў рэалізуе праграму «Школьны Музей Перамогі». Музей курыруе 2000 школьных музеяў Расіі, Беларусі і Казахстана. У складзены яго супрацоўнікамі рэйтынг «Топ-100. Школьны Музей Перамогі» ўвайшло тры музеі Віцебшчыны. У лідарах апынуўся і музей Варонаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна ім. І. Е. Бесхлебнага.
Жывая гісторыя
Школьны музей у аграгарадку Вароны — гэта не проста сховішча экспанатаў. Гэта жывы арганізм, дзе кіпіць жыццё: праводзяцца экскурсіі, даследаванні, па крупіцах збіраецца інфармацыя аб родным краі і земляках, дзеці прыносяць знойдзеныя ў акрузе іржавыя прадметы (а раптам гэта каштоўныя гістарычныя артэфакты?).
— Музей быў дзіцяці настаўніцы хіміі і геаграфіі Аляксандры Якаўлеўны Церанцьевай. У 1962 годзе ў школе з'явіўся музейны куток з першымі экспанатамі. Мы яшчэ маленькімі прыбягалі туды, займаліся, распавядалі на мітынгах-рэквіемах вершы аб загінулых байцах, — узгадвае Ірына Кратава, якая прыняла музейную эстафету ў Церанцьевай і сёння кіруе музеем і аб'яднаннем па інтарэсах «Патрыёт».
Асновай экспазіцыі былі матэрыялы ваеннай тэматыкі. З часам музей баявой воінскай славы пераехаў у асобны будынак. Калі ім занялася Ірына Ігараўна, вырашыла пашырыць тэматыку:
— Зрабілі музей пад нашу малую радзіму, дадалі тое, што адбывалася на гэтай зямлі.
З'явілася экспазіцыя, прысвечаная вайне 1812 года, інфармацыя аб мясцовых воінах-інтэрнацыяналістах, выдатных выпускніках школы, зала «Быт беларускага народа». Асобны куток захоўвае памяць аб стваральніцы музея Аляксандры Церанцьевай. Сабрана 2,5 тысячы экспанатаў.
Героі і лісты ў вечнасць
Самая вялікая экспазіцыя школьнага музея прысвечана гераічнаму подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай.
— Вайна прыйшла да нас у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1941‑га. Ішлі жорсткія баі. Абараняла гэту тэрыторыю 14‑ы танкавы дывізіён, — распавядае Ірына Ігараўна. — Выбіваў праціўніка з вёскі Вароны і бліжэйшых вёсак батальён пад камандаваннем Мікалая Чапурнага. Тройчы паранены комбат не пакінуў поля бою. За ўзорнае выкананне баявых заданняў, адвагу і гераізм 31 жніўня 1941 года старэйшаму лейтэнанту прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Захоўваюцца ў музеі графічныя працы расіяніна, франтавога мастака Віталя Рогаля. Ён ваяваў недалёка ад Варон, на вышыні 222,9, дзе ў перапынках паміж баямі рабіў замалёўкі і пісаў партрэты аднапалчан. У 1967 годзе майстар прыязджаў у музей, пражыў 89 гадоў, стаў народным мастаком РСФСР.
1 сакавіка 1944 года ў Варонах загінуў ураджэнец расійскага горада Кіраў Анатоль Копысаў. Яго мама да канца сваіх дзён пісала і адсылала лісты загінуламу, але для яе жывому сыну. Вось адзін з іх: «Мілы сынок Анатоль! Зноў вясна, а дома цябе няма. Ты ўсё ў Беларусі. Твая новая радзіма атачае цябе клопатам... Дзякуй усім, хто атачае і захоўвае твой спакой. Мама. Тужу заўсёды». І збоку прыпіска: «Пакладзіце на магілку Анатолю».
«Ганаруся прозвішчам!»
Школа ў Варонах носіць імя лейтэнанта Івана Яфімавіча Бесхлебнага. Пад яго камандаваннем байцы 4‑й роты 158‑й стралковай дывізіі 39‑й арміі 26 снежня 1943 года больш за 12 гадзін утрымлівалі безымянную вышыню непадалёк. Яны паўтарылі подзвіг панфілаўцаў, толькі тых было 28, а гэтых 27. Загінулых у снежні 1943‑га воінаў, у тым ліку Івана Бесхлебнага, пахавалі на месцы подзвігу.
З 1968 года піянерская арганізацыя школы носіць імя 27 герояў віцебскіх панфілаўцаў. Калі стала пытанне, чыё імя прысвоіць школе, вырашылі, што гэта павінен быць іх камандзір Іван Бесхлебны. Але патрэбна была згода яго сваякоў, распавяла Ірына Кратова. І з гэтым звязана дзіўная гісторыя.
Іван загінуў у 24 гады, сям'і не паспеў абзавесціся. Варонаўскія следапыты ў сацсетках знайшлі сачыненне Глеба Бесхлебнага, у якім хлопчык пісаў, што з гонарам нясе прозвішча дзеда, які ваяваў пад Віцебскам на безымянай вышыні. Аказалася, гэта ўнучаты пляменнік загінулага тут камандзіра.
Вясной мінулага года на месцы подзвігу 27 віцебскіх панфілаўцаў праходзіла Міжнародная вахта памяці «Пагосціна-43». Пошукавікі з Беларусі і Расіі, а ім дапамагалі і хлопцы з Варонаўскай сярэдняй школы, знайшлі астанкі 127 воінаў. Мяркуецца, што сярод іх быў і Іван Бесхлебны. Памаліцца за прах прадзеда з Новасібірскай вобласці прыехаў той самы хлопец, які пісаў сачыненне.