У Міёрскім раёне 15 верасня пройдзе традыцыйнае экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю", паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Менавіта ў верасні адкрываецца сезон збору журавін, запасамі якіх багаты Міёрскі раён. Кожны год больш за 4 тыс. шэрых журавоў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў спыняюцца на адпачынак на мясцовым балоце Ельня падчас восеньскай міграцыі. Падчас свята госці змогуць пачаставацца журавінамі і стравамі з ягады, а таксама паўдзельнічаць у назіранні разам з арнітолагамі за журавамі і пабываць на экасцежцы на балоце Ельня. Акрамя гэтага, падчас свята будзе распачата цікавая ініцыятыва - стварэнне унікальнага музея журавоў і журавін, экспанаты для якога будуць сабраны намаганнямі мясцовых жыхароў і ўсіх жадаючых.
Насычаная праграма ўключае конкурс і прэзентацыю "Журавовы кірмаш-2019" сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна, выступленні творчых калектываў рэгіёну і гасцей з Латвіі. На сцэне гарадскога парку парадуе жыхароў фолк-гурт Pawa. Таксама дзяцей і дарослых чакаюць майстар-класы, дэгустацыі, будуць працаваць інтэрактыўная фотазона, пляцоўка аб'яднання "Ахова птушак Бацькаўшчыны", мабільны планетарый, квесты, экошопинг.
Сёлета свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" набыло новы імпульс для развіцця: стала часткай вялікага праекта "Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці". Ініцыятыва рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Арганізатарамі свята выступілі Міёрскі райвыканкам, грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскі сельскі форум.