Цяжка каго-небудзь у Стаях здзівіць выступленнем на сцэне. Амаль усе тут, асабліва моладзь, і спяваюць, і скачуць, і граюць на самых розных музычных інструментах.

У Стайскай дзіцячай школе мастацтваў і традыцыйнай культуры займаецца каля дзевяноста чалавек – практычна ўся мясцовая агульнаадукацыйная школа. Яшчэ і пышнянскі край прыхапілі, дзе ў школе, напрыклад, адкрыты клас домры. Іграць на гэтым музычным інструменце вучыць выкладчык Яўген Ясюкевіч. Пышнянскія дзеці прымаюць актыўны ўдзел і ў мерапрыемствах, праводзімых школай мастацтваў, у якасці ўдзельнікаў заслужанага фальклорнага калектыва “Сунічкі”.

Такім чынам, “Сунічкі” -- і ёсць тая база, на якой трымаецца Стайская дзіцячая школа мастацтваў. З сёлетняга года яна з’яўляецца філіялам Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Алена Барадзейка.

Стайскія “Сунічкі” – тры накірункі мастацкай дзейнасці: харэаграфічны, інструментальны, вакальны. У дадатак да іх, сёлета пры школе запрацаваў і тэатральны накірунак.

Дзеці ў Стаях, ад малога да вялікага, растуць і выхоўваюцца на сцэне. Выкладчыкі музычнай школы ўсе разам – Алена Памалейка ў дзіцячым ансамблі народных інструментаў, Наталля Маляўка ў ансамблі гарманістаў, Людміла Шыпуля ў вакальнай групе “Рэчанька” і іншыя – імкнуцца не толькі падрыхтаваць дзяцей для выступлення на сцэне, але і да жыцця, ставяць больш сур’ёзныя педагагічныя мэты, дзейнічаюць у цесным супрацоўніцтве са школай агульнаадукацыйнай. Таму ў школе мастацтваў сустрэнеш не адны выключна таленты, што падаюць вялікія надзеі. Не адмаўляюць нікому. Тут рознаўзроставы кантынгент – з трох гадоў, калі яшчэ многія і вымаўляюць не ўсе словы правільна, і да выпускнога класа – з гатовай пуцёўкай у самастойнае жыццё. Займаюцца тут дзеці і з так званых праблемных сем’яў. І гэта дае пэўныя вынікі. Сутыкаючыся са светам мастацтва, дзеці відавочна робяцца лепшымі душою, яны прывучаюцца да адказнасці, да самадысцыпліны. Сцэна ўзнагароджвае за цярплівасць працу і да многага абавязвае.

Дзеці іграюць на розных музычных інструментах. Працуюць класы цымбалаў, баяна, акардэона, гармоніка, скрыпкі, фартэпіяна, домры і нават дуды.