Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з 25 снежня пачне паказ спектакля "Кот у ботах" па аднайменнай казцы вядомага французскага пісьменніка Шарля Перо, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.
Штогод тэатр рыхтуе пастаноўкі для дзяцей і іх бацькоў перад навагоднім святам. Гэтай зімой выбар упаў на "Ката ў ботах". "Спектакль, напоўнены вясёлымі песнямі-дыялогамі і яркімі танцамі, прынясе радасць юным гледачам, а дарослых зможа на некаторы час вярнуць у цудоўны свет дзяцінства", - адзначылі ў тэатры.
Аўтар п'есы - Алесь Замкоўскі. Пастаноўшчыкам музычнай казкі выступіў заслужаны артыст Беларусі Вячаслаў Грушоў. Аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў - Андрэй Жыгур. Музыку напісаў віцебскі кампазітар Руслан Стаброўскі, пластыка і харэаграфія - Сяргея Толкача.-0-