У Лепелі напярэдадні вялікага свята Перамогі адбыліся сапраўдныя ўрачыстасці юнацтва – злёт піянерскіх дружын, прыём у члены БРСМ, адкрыццё трэцяга працоўнага семестра, старт традыцыйнага агітпрабегу па мясцінах славы бацькоў.

Урачыстым крокам прайшлі сцяганосцы раённай піянерскай арганізацыі. У гэты дзень яна папоўнілася 142 юнымі членамі. Галстукі павязалі ім дарагія госці – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы. Членскія білеты БРСМ атрымалі юнакі і дзяўчаты. А зводны стройатрад прадстаўлялі студэнты агратэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя і гімназіі. Фактычна ён складаецца з чатырох атрадаў – экалагічнага, будаўнічага, валанцёрскага, а крыху пазней далучыцца і сельгасатрад. Хлопцы сёлета будуць працаваць побач з дарослымі на ўзвядзенні сучаснага малочна-таварнага комплексу ў аграгарадку Горкі, адправяцца на Ямал, стануць праваднікамі, дапамогуць вяскоўцам у жніво, а ляснікам – пасадзіць новы лес, наведуць парадак на тэрыторыі сваіх навучальных устаноў. Удзельнікі агітпрабегу ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў і магіл герояў Вялікай Айчыннай вайны, сталі гасцямі вайскоўцаў Заслонаўскага гарнізона, пабывалі ў музеі пошукавага батальёна, на выставе ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў, паспрабавалі салдацкай кашы.

Удзельнікаў злёту віталі намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Мікалай Нікіцін, першы сакратар райкама БРСМ Таццяна Шчарбач. Ветэранам удзячныя нашчадкі іх баявой і працоўнай славы ўручылі кветкі і сувеніры.

Алена Целядко