Страва родам з Беларусі, круглая па форме, робіцца з бульбы, але не дранік. Цепеліны – у Літве, хінкалі – у Грузіі, і толькі ў адным рэгіёне Беларусі – клецкі з душамі. Гэта нацыянальная ежа са статусам «гісторыка-культурная каштоўнасць». Радзіма ўнікальнай стравы – Лепельшчына.

  Пра мясцовых жыхароў кажуць: калі нарадзіўся першы лепельчанін, тады і з'явіліся клецкі. Іх умеюць гатаваць усе без выключэння гаспадыні поўначы Беларусі.

  Удзельніцы народнага клуба нацыянальнай кухні «Стайскія прысмакі» – гонар рэгіёна. Іх па праву называюць захавальніцамі традыцый і пераемніцамі мясцовых кулінараў-старажылаў. Дзякуючы ім лепельскія клецкі з душамі атрымалі статус «гісторыка-культурная каштоўнасць» краіны.

  У кожнай гаспадыні свой падыход, але ёсць рэцэпт, які прайшоў праверку стагоддзямі. Менавіта ён лічыцца эталонным і менавіта гэты смак трэба абавязкова паспрабаваць.