У суботу 9 лістапада з самай раніцы каля касцёла Святога Казіміра загучалі паляўнічыя рогі, некалькі дзясяткаў людзей у палявой форме накіраваліся ў храм. Ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі адзначыў, што служба праводзіцца менавіта для паляўнічых, у якіх ёсць свой апекун.

  Узначаліў урачыстую літургію Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архіепіскап Юзаф Станеўскі.

  Пасля святой імшы пачалося касцюміраванае шэсце паляўнічых з сабакамі і вершнікаў, якія прайшлі калонай ад касцёла да плошчы Свабоды і парку. І, трэба сказаць, такое прыгожае відовішча нікога не пакінула абыякавым. Тупат падкоў, дыханне прыроды, паляўнічая адзежа — шэсце ў нейкі момант нават нагадала доблесных рыцараў са Сярэднявечча, а прыгожыя дамы — верных спадарожніц з раманаў.

  У гарадскім парку прайшла забаўляльная і канцэртная праграма з гандлем і пачастункамі.

  Нельга не адзначыць, што прысутныя на свяце лепельчане і госці горада мелі магчымасць пачаставацца шурпай, кашай, дранікамі, клёцкамі і гарачым гарбатай.

  Як адзначылі аматары палявання, такія сустрэчы цікавыя і пазнавальныя, яны аб'ядноўваюць людзей, для якіх паляванне стала любімым хобі. І натхняюць на правядзенне высакародных традыцый у нашай краіне.

  А таксама адзначылі, што прырода Лепельшчыны ўражвае непераўзыдзенай прыгажосцю, першазданнасцю і багатай гісторыяй.