Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў сустрэўся з членамі Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь ад Віцебскай вобласці. Ад Лепельскага раёна ўдзел у семінары прыняла Дарахова Крысціна, член Маладзёжнага савета, настаўнік Лепельскай ДШМ. – Маладзёжны парламент ад паўночнага рэгіёна – перспектыўны кадравы рэзерв, патэнцыял краіны. Вас чакаюць цікавыя і насычаныя падзеі, удзел у значных грамадска-палітычных мерапрыемствах, прыняцце рашэнняў, якія датычацца рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Будзьце актыўнымі, генеруйце ідэі і самарэалізуйцеся, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. Дзень для моладзі быў насычаным. Яны прынялі ўдзел у рабоце чарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Наведалі Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырова. Таксама ўдзельнікі семінара ўсклалі кветкі да мемарыяла па вуліцы Савецкай абласнога цэнтра.

  З членамі Віцебскага абласнога савета працуючай моладзі сустрэўся намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Удзел у сустрэчы прыняла член Віцебскага абласнога савета працуючай моладзі, інжынер па ахове працы Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Міхайлава Дар'я. Прывітаўшы ўдзельнікаў семінара, Вячаслаў Дурноў акцэнтаваў увагу на тым, што сёння важна зацікавіць маладых людзей, каб тыя замацоўваліся на месцах, заставаліся працаваць у рэгіёнах. Абласны савет працуючай моладзі наведаў ААТ «Віцебскія дываны», дзе пасля экскурсіі па прадпрыемстве маладыя людзі абмеркавалі мэты і задачы савета.