4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Беларускай атамнай электрастанцыі ўжо выканалі першачарговыя меры нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў АЭС, паведаміў вядучы інжынер аддзела надзейнасці і аналізу бяспекі ДП "Беларуская АЭС" Мікалай Карпенка сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Беларускай атамнай электрастанцыі ўжо выканалі першачарговыя меры нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў АЭС, паведаміў вядучы інжынер аддзела надзейнасці і аналізу бяспекі ДП "Беларуская АЭС" Мікалай Карпенка сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Выкананы першачарговыя пункты, якія адназначна павышаюць наш узровень бяспекі. Гэта датычыцца ў асноўным камплектавання абсталявання, якое забяспечыць гатоўнасць да пераадолення запраектных аварый пры любых умовах. Таксама выкананы шэраг пунктаў, якія носяць разліковы і аналітычны характар", - распавёў Мікалай Карпенка. У прыватнасці, выпушчаны справаздачы па аналізе сейсмічнай бяспекі, па аналізе зон кіравання энергаблокаў АЭС ва ўмовах запраектных аварый і г.д.

Кажучы пра гатоўнасць БелАЭС да розных нештатных сітуацый, Мікалай Карпенка растлумачыў, што ў праекце станцыі ўтрымліваюцца "самыя перадавыя тэхнічныя рашэнні і інжынерныя даследаванні". "Таму на дадзены момант, мне здаецца, праект Беларускай АЭС, у аснове якога ляжыць праект "АЭС-2006", самы перадавы ў свеце", - сказаў ён.

У лютым запланаваны візіт на Беларускую АЭС групы еўрапейскіх экспертаў у рамках партнёрскага агляду нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў. Візіт рыхтуецца Еўрапейскай групай рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG). Эксперты азнаёмяцца з рэалізаванымі на пляцоўцы АЭС праектнымі рашэннямі па выніках стрэс-тэстаў.

"У цэлым кіраванне бяспекай - гэта не аднаразовы праект. Было б няправільна, калі б мы займаліся бяспекай станцыі ад выпадку да выпадку. Працэс кіравання бяспекай бясконцы - тэхналогіі развіваюцца, нарматыўныя патрабаванні змяняюцца і становяцца больш жорсткімі. Таму мы не можам сядзець на месцы і пастаянна павінны займацца гэтым пытаннем", - рэзюмаваў прадстаўнік БелАЭС.