ААТ “Чарэйшчына” мае найбольшыя плошчы ў раёне пад бульбай – 125 гектараў. Пачатак дня. На мехдворы два трактары з бульбаўборачнымі камбайнамі.

ААТ “Чарэйшчына” мае найбольшыя плошчы ў раёне пад бульбай – 125 гектараў. Пачатак дня. На мехдворы два трактары з бульбаўборачнымі камбайнамі. Трактарысты Васіль Лобкіс і Сяргей Плігаўка вядуць рамонт тэхнікі. Штодня на гэта зранку аддаецца па дзве – тры гадзіны. Інакш нельга – тэхніка даволі старая. Сяргееў камбайн 2008 года выпуску, Васілёў – 2006-га. У той жа час рэсурс трываласці бульбаўборачных камбайнаў разлічаны на тры – чатыры сезоны, у наступныя гады яны ўсё часцей і часцей ламаюцца.

Так, у той дзень Сяргей разам са зваршчыкам Аляксандрам Шартухам заварвалі паломку, атрыманую напярэдадні з-за каменя, якіх, дарэчы, багата на палях “Чарэйшчыны”. Васіль жа перарабляў парваны транспарцёр.

Эканамістамі даказана, што вырошчванне бульбы – справа з даволі высокім сабекоштам. Прыбытковай яна робіцца пры спрыяльнай, высокай адпускной цане. Так, напрыклад, было ў 2010 годзе, калі рэнтабельнасць бульбы склала 85 працэнтаў. Затое летась панеслі невялікія страты. Затрацілі 552 мільёны рублёў, а за продаж ураджаю выручылі толькі 549 мільёнаў.

Чаму ўсё ж такі “Чарэйшчына” трымаецца за бульбу? Найперш – такія стратныя гады – рэдкасць, звычайна бульба дае каля дзесяці працэнтаў рэнтабельнасці. Па-другое, гаспадарка мае бульбасховішчы, куды можа змясціць амаль увесь сабраны ўраджай – каля паўтары тысячы тон. На працягу ўсёй зімы клубні перабіраюцца і рэалізуюцца, на атрыманыя грошы купляюць дызельнае паліва, змазачныя матэрыялы.

ААТ “Чарэйшчына” пачала рэалізацыю бульбы. Наколькі культура атрымаецца рэнтабельнай, прыблізна разлічваем разам з галоўным эканамістам гаспадаркі Аленай Давыдавай.

Сёлета плануецца сабраць каля 1500 тон. Папярэдне сабекошт кожнага кілаграма атрымліваецца на ўзроўні 810 рублёў за кілаграм. Таварнасць бульбы сёлета складае 50%, гэта значыць, што толькі 750 тон – вялікія, добрыя клубні, якія можна прадаваць спажыўцам. Астатнія – сярэдняя бульба (насенны матэрыял) і дробная. Атрымліваецца, што мы, каб акупіць расходы, павінны прадаваць таварную бульбу не ніжэй за 1620 рублёў за кілаграм. Пакуль што пакупнікі ў нас бяруць па 1700 рублёў за кг. Зімой і вясной, несумненна, цана падымецца, і той будзе ў прыбытку, хто наладзіць працэс захоўвання агародніны і яе сарціроўкі.