19 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На дарогах Віцебскай вобласці ў студзені-лютым затрыманы 860 кіроўцаў без правоў, што на 200 чалавек больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2012-га, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.

З ліку выяўленых парушальнікаў дадзенай катэгорыі 221 чалавек быў затрыманы за рулём паўторна. "І гэта нягледзячы на тое, што за кіраванне транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць дадзенага права, а таксама перадачу кіравання аўтамашынай такой асобе пагражае штраф у памеры ад Br500 тыс. да Br2 млн. Пры здзяйсненні гэтых дзеянняў другі раз на працягу аднаго года давядзецца заплаціць штраф ад Br2 млн. да Br5 млн.", - адзначылі ў ДАІ, звярнуўшы ўвагу на сумную статыстыку мінулага года.

Так, у 2012 годзе па віне кіроўцаў без права кіравання транспартнымі сродкамі на дарогах вобласці адбылося 74 аварыі, у якіх загінулі 18 чалавек і 70 атрымалі розныя траўмы. За два месяцы гэтага года з удзелам дадзеных асоб зафіксавана ўжо 4 ДТЗ.

З мэтай прадухілення дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам кіроўцаў, якія не маюць права кіравання транспартам, з 20 па 30 сакавіка ў Віцебскай вобласці пройдзе рэспубліканская акцыя "Беспраўніку" не месца за рулём". Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да ўсіх жыхароў рэгіёна, якія валодаюць інфармацыяй аб асобах, што знаходзяцца за рулём без пасведчання кіроўцы, паведаміць аб гэтым у ДАІ або па тэлефоне 102. "Магчыма, вашы дзеянні дапамогуць пазбегнуць трагедыі і ўберагчы чыесьці жыцці", - падкрэслілі ў ДАІ.-0-