7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два паядынкі папярэдняга этапу Чацвёртых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба былі згуляны 6 лютага, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Каманда Гродзенскай вобласці саступіла на сваім лёдзе дружыне Гомельскай вобласці - 1:2, а каманда Мінскай вобласці ў Салігорску ўзяла верх над дружынай Віцебскай вобласці - 5:4. Ззаду палова папярэдняга этапу, а некаторыя каманды ўжо пераступілі і экватар. На чале турнірнай табліцы адразу тры каманды, якія маюць аднолькавую колькасць набраных балаў: Брэсцкая вобласць - 5 ачкоў (пасля 3 гульняў; розніца шайб 21-3), каманда Прэзідэнта Беларусі - 5 (3; 19-12), Мінская вобласць - 5 (3; 16-9), Гродзенская вобласць - 4 (4; 14-11), Гомельская вобласць - 3 (4; 13-25), Віцебская вобласць - 2 (4; 22-19), Магілёўская вобласць - 0 (3; 2-28). Найбліжэйшыя матчы запланаваны на 12 лютага. Чацвёртыя рэспубліканскія спаборніцтвы па хакеі сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба праходзяць на васьмі арэнах краіны. У гэтым сезоне склад удзельнікаў і гульнявы фармат спаборніцтваў не змяніліся. Лядовыя дружыны ўсіх абласцей і каманда Прэзідэнта на папярэднім этапе правядуць аднакругавы турнір, а вясной 2011 года па выніках фінальнага раўнда ў Мінску вызначацца пераможца і прызёры. У папярэднія гады пераможцамі спаборніцтваў станавіліся дзве дружыны: каманда Прэзідэнта Беларусі (2008, 2010) і зборная Гомельскай вобласці (2009). Срэбнымі прызёрамі станавіліся тры калектывы - каманды Мінскай вобласці (2008), Гродзенскай вобласці (2010) і каманда Прэзідэнта Беларусі (2009). Арганізатарамі Чацвёртых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматарскіх каманд з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь" і Мінскі гарвыканкам. Партнёры турніру - Беларуская калійная кампанія, кампаніі "Гандлёвы дом БелАЗ", "Конвекс інтэрнэшнл", "Спорт-пары". Генеральны спонсар - кампанія "БТТелекамунікацыі" закрытага акцыянернага таварыства "Белтехэкспарт". Генеральны інфармацыйны партнёр - Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі.-0-

БЕЛТА