Рабочая сустрэча па пытаннях арганізацыі і правядзення секцыйных пасяджэнняў XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбылася ў Полацку з удзелам прадстаўнікоў абласных і мясцовых органаў улады і супрацоўнікаў Сакратарыята Савета Рэспублікі, замацаваных за канкрэтнымі аб'ектамі. Увагу ўсіх удзельнікаў старшыня верхняй палаты Парламента Наталля Качанава сканцэнтравала на неабходнасці выкарыстоўваць кожную магчымасць для якаснай падрыхтоўкі ўсіх аб'ектаў да прыёму гасцей:
– Мы выйшлі на фінішную прамую ў гэтай працы, на этап, калі ўсё павінна быць адточана. Зараз наша мэта – прааналізаваць, што ўжо зроблена, уважліва паглядзець рэальнае становішча спраў і абмеркаваць, якія пытанні яшчэ засталіся. Трэба засяродзіць усе намаганні ў гэтым напрамку. Пры гэтым да гэтага пытання неабходна падысці комплексна, не ўпусцiўшы нічога з-за ўвагі, і дзейнічаць аператыўна. Мы не маем права губляць ніводнага прыдатнага дня. Выхоплівайце кожную магчымасць, калі дазваляе надвор'е, каб прывесці ўсе аб'екты ў парадак.
Наталля Качанава таксама нагадала, што хутка ў Полацк прыедзе расійская дэлегацыя, каб на месцы азнаёміцца з аб'ектамі, якія плануецца задзейнічаць у правядзенні важнай падзеі ў жыцці нашай краіны.
Да старту форуму засталося не так шмат часу – два з паловай месяцы, а зрабіць яшчэ трэба шмат, дадала старшыня Савета Рэспублікі. Значныя намаганні, на яе думку, трэба надаць добраўпарадкаванню і эстэтызацыі гарадскога асяроддзя Полацка і Наваполацка:
– Трэба падрыхтавацца на вышэйшым узроўні. Каля кожнага аб'екта ўсё павінна квітнець і пахнуць.
Асаблівы цяжар адказнасці кладзецца на плечы палачан. Старажытны горад павінен адпавядаць сваёй слаўнай гісторыі і пакінуць адпаведны ўражанне ў гасцей, перакананая Наталля Качанава:
– Полацк – гэта наша турыстычная Мекка. Людзі сюды прыязджалі і будуць прыязджаць. Таму тут усё павінна дыхаць гісторыяй. Кожны аб'ект павінен быць у ідэальным стане. Разам з гэтым важна паклапаціцца пра разнастайнасць сувенірнай прадукцыі, якой павінна быць шмат. Яна павінна быць цікавай, каб кожны захацеў забраць з сабой сувенір на памяць.