На інфармацыйныя гадзіны ў школы і гімназіі трэба запрашаць вядомых людзей.
На інфармацыйныя гадзіны ў школы і гімназіі трэба запрашаць вядомых людзей. Такое меркаванне выказаў на рэспубліканскім семінары-практыкуме начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мінадукацыі распрацавала метадычны інструментарый па рэалізацыі школы актыўнага грамадзяніна, на сайце ведамства размешчаны рэкамендацыі па правядзенні інфармацыйных гадзін. Але таксама варта шукаць новыя формы работы самім педагогам, праяўляць ініцыятыву. Запрашэнне вядомых людзей у школы ўнясе ў мерапрыемства навізну і будзе цікава навучэнцам. "Неабходна па-новаму зірнуць на правядзенне ва ўстановах адукацыі штотыднёвых інфармацыйных гадзін для рабят і запрашаць да ўдзелу прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, грамадскіх дзеячаў і медыйных персон. Акрамя таго, пры складанні планаў шостага школьнага дня трэба ўлічваць пажаданні і інтарэсы навучэнцаў і іх бацькоў. Часцей прыцягваць апошніх (асабліва бацькаў) да ўдзелу ў мерапрыемствах", - адзначыў Эдуард Тамільчык.
Ён акцэнтаваў увагу і на важнасці на ўсіх узроўнях адукацыі наладзіць узаемадзеянне з сям'ёй для фарміравання ў маладых людзей матывацыі да вядзення здаровага ладу жыцця, навыкаў бяспечных паводзін у сетцы. "Неабходна навучаць дзяцей і падлеткаў процістаяць кібербулінгу, тролінгу і іншым негатыўным з'явам віртуальнасці. Фарміраванне інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу - найважнейшы складнік выхаваўчай работы ў школах і гімназіях", - дадаў прадстаўнік Мінадукацыі.