У Лепельскім раёне ярка стартавала рэспубліканская акцыя «Не пакідайце дзяцей адных». Мэта якой – звярнуць увагу дарослых на праблему траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў з-за пакідання іх без нагляду. Ратавальнікі арганізавалі для жыхароў Лепельшчыны забаўна-пазнавальнае мерапрыемства на адкрытай пляцоўцы гарадскога парка.
Яркія інтэрактыўныя пляцоўкі ад ратавальнікаў дапамаглі дарослым і юным удзельнікам акцыі паўтарыць жыццёва важныя правілы. Кожны ўдзельнік мерапрыемства знайшоў для сябе цікавыя і карысныя конкурсы.
У ходзе гутарак работнікі МНС акцэнтавалі ўвагу дарослых на недапушчальнасці пакідання дзяцей без нагляду і на тым, што навучаць падрастаючае пакаленне правілам бяспекі трэба з ранніх гадоў.
Пакуль ратавальнікі гутарылі з бацькамі, дзеці праводзілі час з карысцю і ўдзельнічалі ў розных віктарынах і конкурсах, такіх як: «Крыжыкі-нулікі», «Чэмпіянат па бяспецы», кубікі «5 крокаў выратавання», «Небяспечна-бяспечна», «Збяры пазл» і многае іншае.
Дзецям таксама прадставілася магчымасць адчуць сябе сапраўднымі ратавальнікамі. Кожны мог пабыць за рулём пажарнага аўтамабіля, надзець ізалюючы процігаз і падыхаць у ім, паспаборнічаць у апрананні баявога адзення пажарнага-ратавальніка.
Ніхто не сышоў без падарунка ад работнікаў МНС: яркія размалёўкі – для дзяцей, памяткі аб тым, што нельга пакідаць дзяцей адных – для бацькоў.