18 студзеня, Навалукомыль /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старт будаўніцтву парагазавай устаноўкі магутнасцю 427 МВт дадзены сёння на Лукомскай ДРЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Будаўніцтва сучаснай устаноўкі на Лукомскай ДРЭС пры ўдзеле кітайскіх інвестараў з'яўляецца значным праектам не толькі для Віцебскай вобласці, але і для ўсёй Беларусі. Гэта пераход на сучасныя, інавацыйныя тэхналогіі", - сказаў на цырымоніі адкрыцця будаўнічых работ старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Гун Цзяньвэй адзначыў, што адносіны Беларусі і Кітая дынамічна развіваюцца як у палітычным, так і ў эканамічным плане. Кітай удзячны Беларусі за тую падтрымку, якую яна аказвае яму на міжнароднай арэне. У сваю чаргу Кітай выступае за захаванне дзяржаўнага суверэнітэту і эканамічнай незалежнасці Беларусі. "Гэты праект стане ўзорам для эканамічнага супрацоўніцтва", - выказаў упэўненасць пасол. Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Юрый Рымашэўскі канстатаваў, што дзякуючы будаўніцтву парагазавай устаноўкі Лукомская ДРЭС пяройдзе на сучасныя тэхналогіі па выпрацоўцы электраэнергіі. Ён таксама дадаў, што значныя інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў энергетыцы Беларусі, адбываюцца пры ўдзеле кітайскіх інвестараў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб Мінскай ЦЭЦ, аб ветраустаноўках, аб праектах на Лукомскай і Бярозаўскай электрастанцыях. Рэалізацыя беларуска-кітайскага інвестыцыйнага праекта на Лукомскай ДРЭС - парагазавай устаноўкі (ПГУ) - дазволіць эканоміць 242 тыс.т умоўнага паліва ў год, што складзе ў грашовым эквіваленце Br513 млрд. Палівам для парагазавай устаноўкі служыць прыродны газ. Перавагай устаноўкі з'яўляецца высокі ККД парагазавага цыклу - 57%, у той час як блокі 300 МВт ДРЭС маюць ККД 39,4%. Парагазавыя ўстаноўкі спажываюць менш вады на адзінку выпрацаванай электраэнергіі і з'яўляюцца больш экалагічна чыстымі. Будаўніцтва ПГУ-400 МВт праводзіцца на падставе ўказа кіраўніка дзяржавы і кантракту, заключанага паміж РУП "Віцебскэнерга" і Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па імпарце і экспарце машын і абсталявання на выкананне комплекснага будаўніцтва парагазавага энергаблока магутнасцю 427 МВт на Лукомскай ДРЭС. Блок будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2014 года. -0-

БЕЛТА