17 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Год кнігі адзначаць на XX Міжнародным фестывалі народнай музыкі "Звiняць цымбалы i гармонiк" у Паставах. Работа над фестывальнай праграмай ужо пачалася, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Пастаўскага райвыканкама. Міжнароднае свята народнай музыкі пройдзе 8-10 чэрвеня. Сёлета ў яго два юбілеі: нароўні з 20-годдзем фестываль адзначыць 15-годдзе прысваення яму статусу "міжнародны", таму яго праграма абяцае быць цікавай і разнастайнай. Упершыню напярэдадні фестывалю пройдзе пленэр каменячосаў. Яго ўдзельнікамі стануць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а іх лепшыя творы ўпрыгожаць Паставы. На фестывалі запланаваны мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года кнігі і 130-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры - Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падрыхтоўка да фестывалю ідзе поўным ходам. Свой удзел у ім ужо пацвердзілі прадстаўнікі з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Турцыі, Францыі. Міжнародны фестываль "Звiняць цымбалы i гармонiк" аб'ядноўвае дзясяткі прафесійных і самадзейных калектываў народнай музыкі і песні з розных краін, дае магчымасць жыхарам і гасцям раёна бясплатна наведаць іх канцэрты. Дзякуючы фестывалю ў Паставы прыязджалі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль танца "Харошкi".-0-

БЕЛТА