19 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. На рэканструкцыю і мадэрнізацыю малочна-таварных ферм у Віцебскай вобласці ў 2013 годзе будзе дадаткова выдзелена Br100 млрд. Рашэнне аб гэтым прынята сёння на пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Машэра паведаміў дэпутатам, што праграмай развіцця малочнай галіны рэгіёну на 2012-2015 гады запланавана будаўніцтва больш за 100 малочна-таварных ферм, рэканструкцыя і капітальны рамонт з мадэрнізацыяй 228 МТФ. Значны аб'ём работ ужо выкананы, аднак для завяршэння праграмы неабходна дадаткова накіраваць з бюджэту вобласці Br100 млрд. Патрэбнасць у фінансавых рэсурсах Уладзімір Машэра растлумачыў неабходнасцю дааснашчэння ферм даільнымі заламі і падаражаннем будаўнічых работ.
Паводле яго слоў, рэалізацыя рэгіянальнай праграмы развіцця малочнай галіны дазволіць да 2015 года нарасціць вытворчасць малака да 1397,5 тыс.т, пастаўкі малочнай сыравіны перапрацоўваючым прадпрыемствам павялічыць да 1310 тыс.т. Пры гэтым кожны дадаткова выраблены кілаграм малака ў выглядзе малочных прадуктаў можа пастаўляцца на экспарт. Рэалізацыя вытворчага патэнцыялу можа быць дасягнута пры правядзенні комплексу арганізацыйных і тэхналагічных мерапрыемстваў па завяршэнні паэтапнай спецыялізацыі сельскагаспадарчых арганізацый і пераходзе на прамысловыя, інтэнсіўныя тэхналогіі. У 2013 годзе ў рэгіёне плануецца вырабіць 1,5 млн.т збожжа, 940 тыс.т малака, рэалізаваць 228 тыс.т жывёлы і птушкі. -0-