Адным з прыярытэтных напрамкаў органаў улады з’яўляецца клопат аб дабрабыце чалавека. Стварэнне спрыяльных умоў жыцця, мадэрнізацыя жыллёвых аб’ектаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі — на гэтыя аспекты пастаянна звяртаецца ўвага прадстаўнікоў райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, а таксама кіраўнікоў адказных службаў. Работа ў гэтым напрамку знаходзіцца і на пастаянным кантролі Віцебскага аблвыканкама.


Шматлікія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні запланаваны на тэрыторыі вёскі Заслонава. У населеным пункце, дзе пражывае 2102 чалавекі, размешчана семнаццаць пяціпавярховых дамоў, працуюць дзяржаўная ўстанова адукацыі “Заслонаўскі яслі-сад Лепельскага раёна”, установа адукацыі "Заслонаўская сярэдняя школа". Да паслуг пакупнікоў — магазіны Лепельскага райспажыўтаварыства, “Ваенсэрвіс”, прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы. На тэрыторыі вёскі працуюць таксама амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне паштовай сувязі, аказваюцца паслугі цырульніка. Для паляпшэння ўмоў жыцця мясцовых жыхароў райвыканкамам, раённым Саветам дэпутатаў, прадстаўнікамі КУВП “Бароўка” распрацаваны план шматлікіх мерапрыемстваў. Гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, абкошванне пустазелля, спілаванне аварыйных дрэваў, мадэрнізацыя дамоў, правядзенне рамонтных работ на шэрагу сацыяльных аб’ектаў. Каб пазнаёміцца, як арганізавана работа ў гэтым напрамку, наш раён наведалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і ваенны камісар Віцебскага аблваенкамата Ігар Мартынаў. У рабоце штаба прынялі ўдзел таксама старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, яго намеснікі Аляксандр Быкаў, Віктар Азаронак, Аляксандр Шыдлоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, а таксама кіраўнікі службаў, арганізацый, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі.

Першым аб’ектам наведвання ганаровых гасцей стала 19-я асобная Гвардзейская механізаваная брыгада. На тэрыторыі ваеннай часці праведзена шмат работ: спілаваны аварыйныя дрэвы, праведзены выдатны рамонт будынкаў штаба, афіцэрскага інтэрната, медыцынскай роты, зроблены выдатны рамонт у памяшканнях казармаў, дзе абуладкаваны новыя душавыя кабіны, устаноўлены пральныя машыны. Рамонтныя работы праведзены таксама ў сталовай і лазні. Сіламі ДБУ-34 пад кіраўніцтвам Аляксандра Балтрушэвіча на тэрыторыі часці ўстаноўлены новыя бардзюры, пакладзены асфальт. Радуе вочы новае асфальтавае пакрыццё і на тэрыторыі пляца.