4 лютага каля 22 гадзін вечара паступіла паведамленне аб пажары дома ў вёсцы Загорцы Баброўскага сельсавета Лепельскага раёна.
Калі ратавальнікі прыбылі да месца паведамлення, назіралася адкрытае гарэнне дома, абрынанне даху і столевага перакрыцця.
Прыняўшы ўсе неабходныя меры па тушэнні, у пакоі пад абломкамі абрынутых будаўнічых канструкцый даху і столевага перакрыцця быў знойдзены труп мужчыны 1963 года нараджэння.
Як стала вядома пазней, загінулы нідзе не працаваў, стаяў на ўліку ў Баброўскім сельсавеце як схільны да злоўжывання спіртнымі напоямі. Па месцы пажару зарэгістраваны не быў. Са слоў суседзяў, напярэдадні пажару загінулага бачылі ў нецвярозым стане.
У цяперашні час абставіны здарэння ўстанаўліваюцца, высвятляюцца магчымыя прычыны ўзнікнення пажару, разгляданая версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні загінулага.
Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры неасцярожным абыходжанні з агнём пры курэнні – узначальвае рэйтынг прычын пажараў, ад якіх загінулі людзі. Толькі ў 2019 годзе па гэтай прычыне ў Лепельскім раёне адбылося 8 пажараў, на якіх загінула 6 чалавек. За кожнай лічбай не толькі абарванае жыццё, але і зламаныя лёсы сем'яў: хтосьці страціў сына, хтосьці – бацьку… Для кагосьці гэта проста лічба, бо большасць упэўнена, што гэта іх не закране, гэта адбылося дзесьці далёка ў іншым горадзе, на іншай вуліцы… І толькі тады, калі бяда ўваходзіць у дом, чалавек пачынае думаць, што гэтага магло б і не здарыцца, калі б…
Ратавальнікі лічаць, што пазбегнуць пажару з-за курэння можна і для гэтага не патрабуецца ніякіх затрат. Калі вы ці вашыя родныя не можаце адмовіцца ад шкоднай звычкі назаўсёды, выключыце яе ў доме. Калі ваш сусед аматар не толькі пакурыць, але і злоўжыць алкаголем – біце трывогу. Побач з вамі «міна» запаволенага дзеяння. Як правіла, сцэнар «Выпіў. Закурыў. Заснуў» дзейнічае. І гэта пацвярджае статыстыка.
Паважаныя грамадзяне! Выконвайце правілы пажарнай бяспекі ў быце, не дапускайце курэння ў жылых памяшканнях, сачыце за тым, каб запалкі і цыгарэты пасля выкарыстання былі патушаны. Усталюйце ў жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія ў выпадку ўзнікнення пажару своечасова апавясцяць вас аб небяспецы. І памятайце: адна непатушаная цыгарэта можа загубіць жыццё, і не адно!
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!