26 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На прыёмы да высокіх чыноўнікаў ідуць грамадзяне, стомленыя ад бюракратычнага стаўлення службовых асоб. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч, які праводзіў у Віцебскім аблвыканкаме асабісты прыём грамадзян, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усяго на прыёме пабывалі каля 30 чалавек. Значная частка пытанняў датычылася дзейнасці міліцыі. Таксама ўзнімаліся пытанні садзейнічання ў працаўладкаванні, перагляду груп інваліднасці, работы землеўпарадкавальных службаў, выкарыстання прыватызацыйных чэкаў "Маёмасць" і іншыя тэмы. "Усе закранутыя пытанні важныя", - падкрэсліў Мікалай Дамашкевіч, адзначыўшы, што першапрычынай большасці з іх з'яўляецца бюракратызм чыноўнікаў і такое стаўленне да працы неабходна пераламіць.
Мікалай Дамашкевіч таксама падвергнуў крытыцы работу кіруючых кадраў рэгіёна. "Некаторыя кіраўнікі пачалі заносіцца. Поспехаў мала, а галавакружэння ад сваёй значнасці шмат. Чыноўнікам трэба рэальна ацаніць свае дасягненні і пачынаць працу, таму што асноўныя прагнозныя паказчыкі ў раёнах і на прадпрыемствах вобласці - па 4-6 паказчыкаў - не выконваюцца", - канстатаваў памочнік Прэзідэнта, дадаўшы, што праблемы ёсць сёння ў кожнай галіне рэгіёна. "Трэба заняцца мэтанакіраванай і сур'ёзнай працай, каб выканаць рашэнне IV Усебеларускага народнага сходу. На гэта павінна быць накіравана ўся праца кадраў", - заключыў Мікалай Дамашкевіч.-0-
БЕЛТА
На прыёмы да высокіх чыноўнікаў ідуць грамадзяне, стомленыя ад бюракратызму службовых асоб - Н.Дамашкевіч
26.10.20110 праглядаў