Правядзенне лёгкаатлетычнай эстафеты на прызы раённай газеты “Лепельскі край”, прысвечанай Дню Перамогі, стала ў нашым раёне добрай традыцыяй.
Кожны год удзельнікі мерапрыемства паказваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі. Сярод спартсменаў – вучні школ, навучэнцы ўстаноў, работнікі гарадскіх арганізацый, прадпрыемстваў. Другі год запар пажадалі ўдзельнічаць у эстафеце і прадстаўнікі аграгарадкоў.
Для падтрымкі ўдзельнікаў эстафеты на плошчу Свабоды прыйшлі іх шматлікія калегі і сябры.
Першымі на старт выйшлі вучні школ.
На працягу некалькіх гадоў пераможцамі эстафеты становяцца вучні сярэдняй школы № 1. Вельмі нялёгка трымаць планку лідара. За шэрагам перамог кіпяць дні шматлікіх трэніровак.
- Усе ўдзельнікі нашай каманды наведваюць спартыўныя секцыі ў школе, займаюцца ў секцыях па розных відах спорту ў Лепельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, – адзначае настаўнік фізкультуры сярэдняй школы № 1 Валерый Булах. – Вучаніцы 10 “А” класа Алёна Борыкава і Юлія Дзівіна не першы год займаюцца ў школьнай секцыі па валейболе. Алёна актыўна займаецца рознымі відамі спорту. Неаднаразова праславіў сярэднюю школу вучань дзясятага “Б” класа Мікіта Павец. Ён з’яўляецца лідарам школьнай каманды па валейболе, актыўна займаецца турызмам. У летнім шматбор’і на раённых спаборніцтвах сярод дапрызыўнай моладзі “Абаронца Айчыны” сёлета Мікіта заняў першае месца. Кандыдатам у майстры спорту па вяслярстве стаў Уладзіслаў Тухта, вучань дзясятага “А” класа. Не так даўно ён праславіў Лепельшчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах па вяслярстве. Актыўна займаюцца ў секцыі па гандболе ў Лепельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе вучаніца 10 “А” класа Маргарыта Залатуха, а таксама Аляксей Шакун, Сабіна Маркава (9 “Б” клас). Не развітваецца са спортам вучань адзінаццатага “Б” класа Андрэй Ляйко.
Настаўнікі фізкультуры СШ № 1 Валерый Уладзіміравіч Булах і Уладзімір Іванавіч Клундук могуць ганарыцца сваімі вучнямі. Каманда СШ № 1 сёлета заняла першае месца ў раённай спартакіядзе сярод школ.
Адзін за адным легкаатлеты дабягаюць да фінішу і перадаюць эстафету наступнаму ўдзельніку каманды. Паўсюдна не згасаюць бадзёрыя воклічы балельшчыкаў.