28 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На рэалізацыю мерапрыемстваў інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці ў 2013 годзе плануецца вылучыць больш за Br650 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў. Пры распрацоўцы інвестпраграмы будучага года асаблівая ўвага нададзена жыллёваму будаўніцтву, стварэнню інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў новых мікрараёнах, рэалізацыі комплекснай праграмы развіцця Полацка, рэканструкцыі і капрамонту ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, фізкультуры і спорту. Асноўнымі аб'ектамі, на якія, як чакаецца, будуць накіраваны інвестыцыі, у аблсавеце назвалі: спальны корпус кадэцкага вучылішча ў Лужасна, два жылыя дамы для дзяцей-сірот ва Улле Бешанковіцкага раёна і Талачыне, дзіцячы сад і палац гульнявых відаў спорту ў Полацку, Лядовы палац у Оршы, цэнтральная раённая бальніца ў Мёрах, манеж Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, паліклініка ў мікрараёне Юг-7, тэрапеўтычны корпус дзіцячай абласной бальніцы, лячэбны корпус №1 абласной інфекцыйнай бальніцы, корпус №2 абласнога анкалагічнага дыспансера ў Віцебску, базавая школа ў Літосава Сенненскага раёна, водна-аздараўленчы цэнтр у Докшыцах, культурна-аздараўленчы комплекс ва Ушачах. У бягучым годзе на рэгіянальную інвестпраграму было прадугледжана накіраваць Br358,2 млрд. Асноўная доля інвестыцый укладзена ў сферу ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва - каля 49%, другімі па аб'ёме ўкладзеных сродкаў сталі ўстановы аховы здароўя. За кошт сродкаў інвестыцыйнай праграмы пабудаваны жылыя дамы для дзяцей-сірот у Браслаўскім і Ушацкім раёнах, праведзена рэканструкцыя гасцінічнага комплексу "Славянскі" і Доміка Пятра I у Полацку, завершана будаўніцтва бальніцы ў Шаркаўшчыне, аўтастанцыі ў Браславе. -0-

БЕЛТА