26 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На рэалізацыю праграмы "Чыстыя палі" ў Віцебскай вобласці з абласнога бюджэту ў 2012 годзе плануецца накіраваць Br90 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама першы намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Навацкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У выніку рэалізацыі мерапрыемстваў абласной праграмы ў 2012 годзе плануецца павысіць прадукцыйнасць раллёвых земляў да 5,9 т кармавых адзінак з аднаго гектара. Укрупненне палёў і павелічэнне сярэдняга контуру земляў сельскагаспадарчага прызначэння дазволяць павысіць прадукцыйнасць 1 га на 20-25%. Галоўным вынікам выканання намечаных мерапрыемстваў стане павелічэнне сярэдняга контуру раллёвых земляў да 15 га. Работа па ліквідацыі драўняна-хмызняковай расліннасці на землях сельскагаспадарчага прызначэння праводзіцца ў рэгіёне з 2009 года. За мінулы перыяд выкананне гэтых мерапрыемстваў дало значны вынік. Так, сіламі сельгас арганізацый, прадпрыемстваў ЖКГ, меліярацыйных, дарожных, лясгасных арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў наведзены парадак на 135 тыс.га, або 20% сельгас земляў, якія патрабуюць правядзення гэтых работ. З розных крыніц фінансавання на гэтыя мэты асвоена Br27 млрд. На такіх плошчах з'явілася магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць энергонасычаныя трактары і шыроказахватную сельгастэхніку, а адпаведна эканоміць матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы. Акрамя таго, выкарыстанне хмызняковай расліннасці для вытворчасці шчэпы дазволіла зэканоміць энергетычныя рэсурсы на 15-20%. Пры спальванні ацяпляльнай драўніны і драўнянай шчэпы заменена 3,9 млн.куб.м газу, што дало эканомію каля Br4 млрд. "Рэалізацыя праграмы ў мінулыя гады дала нядрэнны вынік, але ён можа быць значна лепш. Для гэтага ў навядзенні парадку на зямлі павінны ўдзельнічаць усе, і адступленняў ад гэтага не будзе", - заключыў Уладзімір Навацкі, падкрэсліўшы, што ўсе ўстаноўленыя праграмай заданні павінны быць выкананы. Гэта дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для эфектыўнага выкарыстання сельскагаспадарчых угоддзяў і будзе спрыяць павелічэнню аб'ёмаў вытворчасці раслінаводчай прадукцыі.-0-

БЕЛТА