23 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На рэалізацыю прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі" за 2006-2009 гады накіравана Br64,2 млрд. Аб гэтым паведаміла сёння начальнік аддзела дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Богдан на рэспубліканскім семінары ўрачоў-педыятраў, які праходзіць 23-24 верасня ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Фінансаванне праграмы ў першым паўгоддзі бягучага года склала Br478,7 млн. "Усе задачы, пастаўленыя праграмай "Дзеці Беларусі", выкананы", - падкрэсліла Алена Богдан. У краіне палепшылася становішча дзяцей-інвалідаў, сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў або апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Атрымала развіццё сістэма ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Узгоднена міжведамасная каардынацыя, работа па аператыўным выяўленні дзяцей, якія пражываюць у неспрыяльных сем'ях. Да 70% павялічыўся ахоп сямейнымі формамі жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Расце колькасць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія прайшлі розныя віды рэабілітацыі. На 15% пашыраны ахоп дзяцей рознымі формамі аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння. Павялічылася колькасць дзяцей і падлеткаў, ахопленых рознымі формамі пазашкольнай работы. "Адчувальныя вынікі работы дасягнуты па кожнай з подпраграм", - адзначыла спецыяліст. Новая прэзідэнцкая праграма "Дзеці Беларусі" на 2011-2015 гады ў цяперашні час праходзіць узгадненне. 1 кастрычніка яна будзе ўнесена на разгляд у Саўмін, дадала Алена Богдан.-0-

БЕЛТА